489-ты дзень вайны. УСУ вызваляюць тэрыторыі, але чаму так марудна?

З дапамогай даных украінскіх медыя сабралі галоўныя апошнія звесткі расійска-ўкраінскай вайны. Контрнаступ УСУ працягваецца, у Вашынгтоне патлумачылі, чаму прасоўванне ўкраінскіх войск пакуль не вельмі хуткае.

Фота t.me/landforcesofukraine

Фота t.me/landforcesofukraine

Украінскія абаронцы паспяхова наступаюць на некалькіх кірунках фронту на поўдні і ўсходзе — Мелітопальскім, Бярдзянскім і Бахмуцкім, паведаміў спікер Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Кавалёў.

«На напрамках Новадараўка — Прыютнае, Новаданілаўка — Рабоціна ўкраінскія вайскоўцы мелі поспех, працягваюць агнявое паражэнне артылерыяй па выяўленых цэлях праціўніка. Таксама сілы абароны вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім кірунку ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васілаўка, Іванаўскае, Курдзюмаўка, Паўночнае, мелі поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што ўкраінскія вайскоўцы працягваюць стрымліваць наступ расійцаў на Ліманскім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках.

Напярэдадні намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія абаронцы вызвалілі сяло Роўнапаль Данецкай вобласці. Яно знаходзілася пад акупацыяй з сакавіка 2022 года.

У Сілах абароны Украіны распавялі дэталі аб вызваленні Роўнапаля. Сяло было акружана міннымі палямі, з-за чаго ўкраінскім воінам прыйшлося прабіваць калідоры для дэакупацыі населенага пункта.


Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Учора прэзідэнт Украіны чарговы раз наведаў пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на фронце. Гэтым разам Уладзімір Зяленскі прыязджаў у Данецкую вобласць на Бярдзянскім кірунку. Вынікі дня ён падвёў у традыцыйным вечаровым звароце.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўчора ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся наперад на ўсіх напрамках фронту.

«Нашы воіны, нашы перадавыя пазіцыі, напрамкі актыўных дзеянняў на фронце. Сёння па ўсіх напрамках у нашых воінаў было прасоўванне наперад, і гэта шчаслівы дзень. Пажадаў хлопцам пабольш такіх дзён», — сказаў украінскі прэзідэнт.

Ён правёў нарады з генераламі Васілём Зубанічам, Аляксандрам Тарнаўскім, Юрыем Садолем і Аляксандрам Сырскім, яны прынялі некалькі аператыўных рашэнняў. «Яшчэ раз абмеркавалі стварэнне корпуса марской пяхоты. Усе дэталі выразныя, абсалютна зразумелыя: арганізацыя, трэніроўкі, пастаўкі», — дадаў Зяленскі.

Таксама прэзідэнт падзякаваў усім абаронцам Украіны, якія цяпер у баі, рыхтуюцца да бою, трэніруюць воінаў і аднаўляюцца пасля раненняў. «Дзякуй! Ганаруся вамі ўсімі! Слава вам, нашы героі! І вечная і светлая памяць усім, хто аддаў сваё жыццё за Украіну, кожнаму і кожнай!» — дадаў ён.


фото
ua.depositphotos.com

фото ua.depositphotos.com

Найміты прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера пакінулі Бахмут Данецкай вобласці. Цяпер у горадзе застаюцца расійскія дэсантнікі і іншыя сілы акупацыйных войскаў.

«Яны адтуль выйшлі, дакладней будзе сказаць — ганебна збеглі. Зараз у Бахмуце галоўнай дзеючай сілай з'яўляюцца паветрана-дэсантныя падраздзяленні праціўніка. І гэта выразны маркер, наколькі для іх важны Бахмут і як важна яго ўтрымаць. Бо 10 месяцаў яны яго не маглі ўзяць і не ўзялі да канца. І вельмі хутка яго страціць — гэта было б пікам прыніжэння», — падкрэсліў у эфіры тэлемарафона спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты.

Ён дадаў, што разам з дэсантнымі падраздзяленнямі ў Бахмуце дагэтуль ёсць пяхотныя падраздзяленні расійскіх акупацыйных войскаў. Таксама там прысутнічаюць прадстаўнікі іншых ПВК, якія звязаныя з Мінабароны РФ, і набраныя з крымінальнікаў штурмавыя роты «Шторм Z».


Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага


Павольныя тэмпы ўкраінскага контрнаступлення тлумачацца тым, што гэтым разам расійскія акупанты сапраўды добра падрыхтаваліся да абароны. Пра гэта заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі на брыфінгу.

«Расійцы шмат уклалі за апошнія шэсць-восем месяцаў у абарончыя магчымасці. У некаторых выпадках іх абарончыя лініі маюць тры глыбіні. І пад «трыма глыбінямі» я не маю на ўвазе толькі тры футы. Я маю на ўвазе, мілі, мілі і мілі ў глыбіню, г. зн. тры вялікія лініі абароны», — заявіў ён.

Кірбі падкрэсліў, што расійцы загадзя ведалі, што ўкраінскае войска паспрабуе вызваліць сваю тэрыторыю, а таму грунтоўна рыхтаваліся менавіта да абароны.

«І абарона, як скажа вам любы студэнт вайсковай гісторыі, абарона — гэта больш моцная форма вайны, таму ўкраінцы натыкаюцца на расійскую абарону. І гэта трохі іх замарудзіла», — адзначыў Кірбі.

У верасні 2022 года УСУ змаглі вызваліць амаль усю Харкаўскую вобласць менш чым за тыдзень. Як пасля тлумачылі ваенныя эксперты, на руку ўкраінцам адыграў фактар раптоўнасці: акупанты проста не чакалі ўдару тут. Акрамя таго, у расійцаў не было свабодных рэзерваў, каб спыніць украінскі наступ пад Харкавам.

Аднак цяперашняе контрнаступленне ідзе больш павольнымі тэмпамі, чым чакалася. Днямі Уладзімір Зяленскі прызнаў, што ўкраінскія войскі прасоўваюцца павольней, чым хацелася б. Віной усяму шчыльнае мініраванне мясцовасці, якое раней правялі акупанты.