535-ты дзень вайны. Акупанты абстрэльваюць украінскія гарады, УСУ атакуюць на поўдні
Раніцай у суботу, 12 жніўня, расійцы ўдарылі па Крывым Рогу. Як паведамляюць мясцовыя медыя, серыя выбухаў пачулася да сігналу паветранай трывогі.
«Жыхары Крывога Рога паведамляюць, што чулі выбухі. Мы
высвятляем усе абставіны. Трывогі няма», — гаворыцца ў паведамленні мясцовых уладаў.
Пасля выбухаў у паўднёвых, усходніх і частцы цэнтральных мікрараёнаў абвясцілі трывогу. Паветраныя сілы паведамілі пра пагрозу прымянення балістычных ракет.
Мэр Крывога Рога Аляксандр Вілкул афіцыйна пацвердзіў выбухі ў горадзе. «Крывы Рог. Выбух. Нічога не здымаем і не выкладваем у Інтэрнэт», — паведаміў ён.
Пазней кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак паведаміў, што вораг ударыў па Крывым Рогу балістычнай зброяй. «Галоўнае — без ахвяр. Усе дэталі цяпер удакладняюцца. Нічога не здымайце і не выкладвайце ў сацсетки! Не дапамагайце зарыентавацца ворагу», — напісаў ён.
Раніцай акупанты таксама ўдарылі кіраванай авіябомбай па Арэхаве Запарожскай вобласці. Як паведамілі ў МУС, у выніку ўдару загінуў паліцэйскі, 12 чалавек параненыя, сярод якіх чатыры супрацоўнікі паліцыі.
«Загінулы — 31-гадовы капітан паліцыі. Цяпер лекары і парамедыкі паліцыі змагаюцца за жыцці параненых. Некалькі чалавек у цяжкім стане», — удакладнілі ў Міністэрстве.
«Паліцыянты застаюцца з мясцовым насельніцтвам нават у самых гарачых кропках. Служаць і абараняюць. Коштам уласнага здароўя і жыцця», — адзначылі ў МУС.
Акрамя гэтага, расійцы ў суботу абстралялі Харкаўскую вобласць, у выніку чаго загінула 73-гадовая жанчына.
Як паведаміў начальнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў, абстрэл пасёлка Купянск адбыўся каля 05:10.
«Пашкоджаны жылы дом. Загінула 73-гадовая жанчына. На месцы працуюць экстраныя службы», — напісаў ён.
Сінягубаў дадаў, што за мінулыя суткі вораг з артылерыі, мінамётаў і іншага ўзбраення абстрэльваў населеныя пункты Багадухоўскага, Харкаўскага, Чугуеўскага, Разынкаўскага і Купянскага раёнаў вобласці.
У прыватнасці, пад агнём былі Купянск, Петрапаўлаўка, Ветэрынарнае, Стралечча, Гацішча, Ваўчанскія Хутары, Шэйкоўка, Чарнешчына і іншыя населеныя пункты. У выніку абстрэлаў былі пашкоджаныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы.
Што да сітуацыі на фронце, то ў мінулыя суткі акупанты працягвалі наступальныя аперацыі на паўночны ўсход ад Купянска і прасунуліся наперад. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Таксама аналітыкі адзначылі, што расійцы працягвалі наступальныя дзеянні на рубяжы Сватава — Крэменная, але пацверджаных поспехаў не дамагліся.
Пры гэтым у справаздачы адзначаецца, што УСУ вялі наступальныя дзеянні пад Бахмутам, але не прасунуліся наперад. Акупанты таксама вялі наступальныя аперацыі ў раёне Бахмута. На кадрах з геалакацыяй відаць, што расійскія войскі прасоўваліся на паўднёвы захад у бок Берхоўскага вадасховішча, што за 6 км на паўночны захад ад Бахмута.
Акрамя таго, расійцы вялі наступальныя аперацыі на лініі Аўдзееўка — Данецк. На апублікаваных кадрах з геалакацыяй відаць, што акупанты нязначна прасунуліся на поўнач ад Стараміхайлаўкі за 19 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі.
Таксама ў справаздачы прыводзяцца звесткі расійскага ваенкара аб тым, што баевікі інтэрнацыянальнай брыгады «Пятнашка» так званай «ДНР» усталявалі агнявы кантроль над дарогай паміж Арлоўкай і Ластаўчына, якая служыць украінскай наземнай лініяй сувязі ў Аўдзееўскім раёне. «Аднак гэта сцвярджэнне ілжывае, улічваючы, што 27 ліпеня іншы ваенкар зрабіў тую ж самую заяву аб тым жа расійскім падраздзяленні, і цяпер няма ніякіх прыкмет таго, што сілы РФ перахопліваюць буйныя ўкраінскія лініі сувязі ў раёне Аўдзееўкі», — растлумачылі аналітыкі Інстытута.
У справаздачы ISW нагадваецца, што вясной расійскія ваенкары рэгулярна заяўлялі, што акупанты ўсталявалі агнявы кантроль над украінскімі лініямі сувязі вакол Бахмута задоўга да таго, як яны, магчыма, гэта зрабілі.
Паводле даных Генеральнага штаба УСУ за мінулыя суткі на розных участках фронту адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў з расійскімі акупантамі.
На Бахмуцкім напрамку акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні, ад іх артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 20 населеных пунктаў.
На Аўдзееўскім напрамку пад шчыльным агнём авіяцыі і артылерыі праціўніка абаронцы Украіны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі. Пад варожым агнём апынуліся больш за 10 населеных пунктаў.
На Мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне горада Мар'інкі.
На Шахцёрскім кірунку вораг распачаў беспаспяховыя спробы аднавіць страчанае становішча ў раёне Ураджайнага Данецкай вобласці, біў па страчаным Старамаёрскаму і іншым населеным пунктам.
На Запарожскім кірунку вораг нанёс больш за 20 авіяцыйных і артылерыйскіх удараў. На Херсонскім кірунку — больш за 25.
На Северскім і Слабажанскім напрамках расійцы здзейснілі мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы больш за 20 населеных пунктаў.
На Купянскім кірунку акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці. Абстраляў з артылерыі і мінамётаў больш за 15 населеных пунктаў.
На Ліманскім кірунку захопнікі вялі авіяцыйныя і артылерыйскія абстрэлы ў каля 30 населеных пунктах.
«Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне
наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца
на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы», — адзначаюць
у Генштабе.