Акцыя салідарнасці з Беларуссю адбылася ў Лодзі
За апошнія пару месяцаў беларусы за мяжой зрабілі неверагоднае мноства акцый салідарнасці, яны ўжо адбыліся болей чым у 90 гарадах.
29 ліпеня 2020 года беларусы ў горадзе Лодзь (Польшча) таксама далучыліся да сусветнага супраціву беларусаў і зладзілі акцыю салідарнасці ў самым цэнтры горада. Гэта было адначасова і палітычнае, і кансалідацыйнае, і культурнае мерапрыемства. Падчас акцыі ўдзельнікі выказвалі і слухалі словы падтрымкі ўсім беларусам, выражалі сваё меркаванне, падпісвалі і даслалі паштоўкі палітвязням.
Таксама кожны ахвочы мог пагуляць у гульню-інтэрактыў «За якое правапарушэнне цябе б затрымалі ў Беларусі», якая рандомным чынам прапаноўвала адзін з шасці абсурдных (але заснаваных на рэальных падзеях) варыянтаў затрыманняў.
Фота Міхала Сталярскага
У Лодзі на момант арганізацыі акцыі не было аб'яднанай суполнасці беларусаў, якія б ведалі адно аднаго і былі б гатовыя дзейнічаць. Арганізатары акцыі — Ірына Паўловіч і Ігар Юрчык — за паўтара тыдні сабралі беларусаў па сетках і асабістых знаёмствах, за некалькі дзён да акцыі зладзілі майстэрню плакатаў, не толькі, каб памаляваць, але і каб крыху пазнаёміцца.
Сама акцыя моцна аб'яднала беларусаў Лодзі і прыцягнула шмат увагі мясцовых актывістаў, палітыкаў, Лодзкага камітэту абароны дэмакратыі, польскіх сродкаў масавай інфармацыі.
Паводле прэс-рэліза