Актывісты: Авіяцыя Расіі ў Сірыі мае на ўзбраенні касетныя бомбы
Група расійскіх актывістаў паведаміла ў чацвер аб выяўленні доказаў таго, што задзейнічаная ў сірыйскай кампаніі расійская авіяцыя мае на ўзбраенні касетныя бомбы, што супярэчыць сцвярджэнням расійскіх чыноўнікаў.
«Суббаепрыпасы» ў касетнай бомбе, якія не разарваліся, скінутай, па словах відавочцаў, расійскай авіяцыяй на сірыйскі горад Маасран у правінцыі Ідліб. 7 кастрычніка 2015 года.
У снежні міжнародная праваабарончая група Human Rights Watch на падставе атрыманай з месцаў бамбаванняў інфармацыі зрабіла выснову, што Расія ці выкарыстала касетныя бомбы ў Сірыі, або паставіла іх сірыйскай арміі, або і тое і іншае. Расійскае Мінабароны адмаўляе абвінавачванні HRW, паведамляе Reuters.
Аднак група расійскіх блогераў Conflict Intelligence Team апублікавала ў чацвер фатаграфіі і відэаролікі расійскіх СМІ і міністэрства абароны. На іх, як сцвярджаюць блогеры, бачныя касетныя бомбы на сірыйскай авіябазе Хмеймім, якую выкарыстоўваюць ВКС РФ.
Дзяжурны афіцэр расійскага Мінабароны сказаў у чацвер, што ведамства не можа аператыўна даць каментар з-за калядаў, якія святкуюцца сёння ў краіне.
Касетныя бомбы ўяўляюць сабой кантэйнеры, якія выбухаюць ў паветры, раскідваючы па значнай плошчы дробнакаліберныя бомбы.
Расія не падпісала канвенцыю ААН 2008-га года, якая забараняе выкарыстанне касетных бомбаў з-за іх невыбарчага ўздзеяння і пагрозы «суббаепрыпасаў», якія не разарваліся, для мірнага насельніцтва.
У дакладзе Conflict Intelligence Team гаворыцца, што як правапераемнік СССР Расія з'яўляецца ўдзельнікам Чацвёртай Жэнеўскай Канвенцыі, якая забараняе невыбіральныя напады.
Блогеры кажуць, што фатаграфіі і відэазапісы паказваюць на тое, што касетныя бомбы РБК-500 СПБЭ-Д, РБК-500 ШОАБ-0,5 і РБК-500 АТ-2,5РТМ прысутнічаюць на авіябазе Хмеймім.