Апалчэнцы Славянска пакуль не хочуць адпускаць замежных назіральнікаў

Затрыманыя — грамадзяніне Нямеччыны, Даніі, Польшчы, Балгарыі і Чэхіі ды ўкраінскія афіцэры.



460x259_265116.jpg

Апалчэнцы Славянска пакуль не маюць намеру адпускаць замежных ваенных назіральнікаў, якія знаходзіліся на ўсходзе Украіны, таму што лічаць іх "шпіёнамі", заявіў на брыфінгу ў Славянску прадстаўнік мясцовага апалчэння.

Гэтак званы народны мэр Славянска Вячаслаў Панамароў паведаміў напярэдадні, што прыхільнікі федэралізацыі спынілі на адным з блокпостаў аўтобус з меркавана прадстаўнікамі АБСЭ, якіх суправаджалі ўкраінскія афіцэры. Паводле яго слоў, у затрыманым аўтобусе было 12 чалавек, у чатырох з якіх апалчэнцы падазраюць афіцэраў украінскага Генштаба. Астатнія, як мяркуецца, былыя і дзеючыя афіцэры з краін Еўропы. Па заяве ўкраінскага боку, яны працавалі ў адпаведнасці з Венскім дакументам 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі. 

Паводле словаў кіраўніка часовага ўрада гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніса Пушыліна, які прыехаў на перамовы, апалчэнцы падазраюць затрыманых у шпіянажы "на карысць НАТО". Паводле сцвярджэння актывістаў, у аўтобусе знаходзіліся чатыры грамадзяніна Нямеччыны, а таксама па прадстаўніку Даніі, Польшчы, Балгарыі і Чэхіі.

"У дэлегацыі таксама былі афіцэры Генштаба Украіны", — заявіў Пушылін, адзначыўшы, што апалчэнцы маюць намер абмяняць іх "на нашых палонных". Пушылін таксама запэўніў журналістаў, што з затрыманымі абыходзяцца добра.

Паводле інфармацыі МЗС Украіны, 21 красавіка на паўднёвы ўсход краіны прыбыла чарговая шматнацыянальная група ваенных назіральнікаў АБСЕ пад кіраўніцтвам Нямеччыны. Яна змяніла нідэрландскую групу, якая працавала там з 12 красавіка. У пятніцу паведамлялася, што з групай была страчана сувязь у Данецкай вобласці. Пазней МУС Украіны заявіла, што аўтобус з 13 пасажырамі, сярод якіх было сем прадстаўнікоў АБСЕ і пяць прадстаўнікоў узброеных сіл Украіны, быў спынены невядомымі на ўездзе ў Славянск.

radyjo.net