Баскі ідуць на выбары

Вярхоўны суд Іспаніі ўпершыню за 8 гадоў дазволіў баскскім левым нацыяналістам удзельнічаць у выбарах.

Такім чынам большасцю ў адзін голас (6 — за, 5 — супраць) іспанскі канстытуцыйны суд дазволіў міжпартыйнай кааліцыі “Bildu (у перакладзе з баскскай “Разам) узяць удзел у мясцовых выбарах, прызначаных на 22 мая.



eeaebbffb5d29ff62799637fc51adb7b.jpg

Вярхоўны суд Іспаніі ўпершыню за 8 гадоў дазволіў баскскім левым нацыяналістам удзельнічаць у выбарах.
Такім чынам большасцю ў адзін голас (6 — за, 5 — супраць) іспанскі канстытуцыйны суд дазволіў міжпартыйнай кааліцыі “Bildu (у перакладзе з баскскай “Разам) узяць удзел у мясцовых выбарах, прызначаных на 22 мая.
Падзея сапраўды гістарычная. Справа ў тым, што ў выбарчых спісах ад згаданага блоку прысутнічаюць сябры забароненай у 2003 годзе партыі “Batasuna — палітычнага крыла арганізацыі ЕТА, якая змагаецца за незалежнасць Краіны Баскаў вайсковымі сродкамі. Пасля забароны “батасунаўцы неаднаразова спрабавалі зарэгістравацца і вярнуцца на выбары. Аднак заўсёды на іх шляху стаялі іспанскія пракуратура і суд.
І вось доўгачаканы пералом. Прычым усё было як вострасюжэтным фільме, дзе фінал нікому не вядомы. Спачатку суд першай інстанцыі адмовіў кааліцыі “Bildu ў праве быць зарэгістраванай на выбарах. Была пададзеная касацыйная скарга, якую задаволілі, дзякуючы перавазе ў адзін голас.
Іспанія — дэмакратычная дзяржава, судовая ўлада якой не залежыць ад выканаўчай ці заканадаўчай. Аднак мала хто верыць, што суддзі кіраваліся выключна параграфамі закону і былі адарваныя ад працэсаў у грамадстве.
Безумоўна, на рашэнне Феміды паўплывалі апошнія крокі ЕТА. Яшчэ восенню тэрарысты заявілі пра намер паўтарыць шлях Ірландскай рэспубліканскай арміі (IRA) — скласці зброю на пэўных умовах. А як доказ абвясцілі пра перманентнае спыненне тэрактаў. Міжнародная грамадскасць вітала мараторый і заклікала Мадрыд выкарыстаць шанец для таго, каб пакласці канец апошняму вайсковаму канфлікту ў Еўропе.
Урад Сапатэры, сябра Іспанскай рабочай сацыялістычнай партыі (PSOE), спачатку быў супраць легалізацыі левых нацыяналістаў. Дзяжурную спробу партыі “Batasuna адрадзіцца напрыканцы мінулага года пад шыльдай партыі “Sortu чакаў лёс папярэдніх ініцыятыў такога кшталту: “Sortu забаранілі як партыю былых прыхільнікаў тэрарыстаў.
Менавіта тады да свет божы з’явіўся “Bildu, у які запісаўся актыў “Sortu. “Bildu быў больш шырокім праектам. Гэта, як было адзначана вышэй, картэль партый, прычым далёка не статыстаў у іспанскай палітыкі. У спісе “Bildu прысутнічалі такія салідныя акторы, як партыя ЕА і Alternatiba. Запісаць ЕА і Alternatiba ў тэрарысты папросту немагчыма (для даведкі: заснавальнік ЕА — былы кіраўнік баскскай аўтаноміі).
Аднак самыя важныя “пяць капеек уставіла Партыя баскскіх нацыяналістаў (PNV) — першая ў гісторыі баскская палітычная арганізацыя, якая ў свой час згуляла для адраджэння нацыянальнай свядомасці баскаў тую ж ролю, што для беларусаў Беларуская сацыялістычная грамада.
Раней PNV дастаткова пасіўна назірала за сумнымі прыгодамі актывістаў забароненай “Batasuna. Часам нават прыхільна ставілася да іх пераследу. У гэтым быў свой рэзон — за спіс “Batasuna на выбарах стабільна галасавалі 16–20 працэнтаў баскскіх выбаршчыкаў. Гэта быў нацыяналістычны электарат, які тэарэтычна мог галасаваць за іншую нацыянальную партыю.
І раптам нечакана для ўсіх PNV запатрабавала легальнага статусу для “Bildu. Пры гэтым сацыялістам быў выстаўлены ўльтыматум — адмова “Bildu ў рэгістрацыі значыць канец кааперацыі PSOE і PNV на нацыянальным узроўні. Баскскія нацыяналісты знайшлі, якім чынам зачапіць сацыялістаў. Урад апошніх і так залежыць ад галасоў іхніх дэпутатаў у іспанскім парламенце. А праз год — чарговыя парламенцкія выбары, на якіх (прынамсі, калі меркаваць па дадзеных апошніх сацыялагічных апытанняў) сацыялісты могуць прайграць.
Большасць у новым парламенце складуць праціўнікі PSOE з кансерватыўнай Народнай партыі (РР). Аднак яны будуць не ў абсалютнай большасці. І РР не будзе мець права сфармаваць кабінет. Аднак пры ўмове падтрымкі малых партый (кшталту той жа PNV, каталонскіх нацыяналістаў, прадстаўнікоў крайніх левых) сацыялісты захоўваюць шанец не страціць у рэзідэнцыі іспанскага ўраду.
Чаму PNV пайшла на такі радыкальны крок, відавочна. Раней на працягу амаль 40 гадоў гэтая партыя была кіруючай у Краіне Баскаў, прычым у апошнія разы кіравала выключна дзякуючы кааліцыі з ЕА. Забарона ЕА ставіць крыж на амбіцыях PNV вярнуцца ва ўладу.
Нарэшце, намеры абвінаваціць “Bildu ў сімпатыях да ЕТА шмат каму падаліся супярэчлівымі. Напрыклад, “Bildu дэманстратыўна патрабавала ад кожнага кандыдата са свайго спісу публічна асудзіць тэрарыстычныя метады ЕТА. З другога боку, дыктат і парадаксальная трактоўка дэмакратыі з боку ўраду выклікалі неразуменне нават сярод саміх сацыялістаў. Падобную пазіцыю падзяляе большасць прафсаюзаў краю, якія звычайна негалосна падтрымліваюць сацыялістаў.
Прысутнічае яшчэ трэці, самы экзатычны фактар. Гэта патавая сітуацыя, якая склалася ў баскскай правінцыі, дзе шмат выбаршчыкаў традыцыйна галасавала за izquierda abertzale — так яшчэ называюць левых баскскіх нацыяналістаў. Пасля таго, як “Batasuna была забароненая, сельскія выбаршчыкі на знак пратэсу масава псуюць бюлетэні. Шмат дзе колькасць сапсаваных бюлетэняў складае больш за 50 працэнтаў ад колькасці тых, якія былі кінутыя ў выбарчыя скрыні. Найбольш абсурдная сітуацыя назіраецца ў мястэчку Лізартза. Тут апошнімі гадамі на выбарах больш за 90 працэнтаў бюлетэняў прызнаюцца сапсаванымі.
Так ці інакш, зараз 3600 кандыдатаў ад “Bildu зарэгістраваныя. Усё сведчыць пра тое, што нацыяналісты вернуцца ў муніцыпалітэты, а на наступных выбарах, магчыма, пройдуць нават у больш значныя прадстаўнічыя органы (да сваёй забароны “Batasuna мела пару дэпутатаў нават у Еўрапарламенце). З іншага боку, стратэгія руху за незалежнасць Краіны Баскаў цяпер выглядае незразумелай. Раней панавала ілюзія, што ЕТА складзе зброю на ўмове як мінімум правядзення рэферэндуму аб незалежнасці краю. Аднак цяпер гэтага дакладна не будзе. Лідары “Bildu ў сваю чаргу кажуць пра новы этап баскскага нацыяналізму, які мае выкарыстаць усе перавагі дэмакратыі.
Праўда, пакуль шматлікім баскам-нацыяналістам, здаецца, не да такіх высокіх матэрыяў. Яны цешацца ўжо з таго факта, што нарэшце могуць галасаваць за кандыдатаў, праграма якіх утрымлівае пункт: “Стварэнне незалежнай, сацыялістычнай Краіны Баскаў.