Беларусь на незвычайных картах. Самае папулярнае імя дзяўчынак, колькасць жыхароў сталіцы і маянэз супраць кетчупу
Працягваем вывучаць месца Сінявокай на незвычайных мапах. Сёння ў фокусе ўвагі: імёны дзяўчынак, адсотак жыхароў сталіц, вайна маянэзу і кетчупу.
Мапа самых папулярных імёнаў немаўлят-дзяўчынак
Пачаць можна з карты, якая фіксуе найбольш папулярныя імёны дзяўчынак, якія нарадзіліся ў мінулым годзе. Трэба сказаць, што тут беларускія бацькі — арыгіналы. Вольга — найбольш папулярнае ў Беларусі імя для немаўлят дзяўчынак, сярод еўрапейскіх нацый дамінавала ў 2023-м выключна ў РБ. А ў большасці з суседніх краін у прыярытэце было імя Сафія. Чаму Вольга карыстаецца такім поспехам сярод беларускіх татаў і мамаў, цяжка сказаць.
Мапа адсотку колькасці жыхароў сталіц ад агульнай колькасці насельніцтва ў краінах Еўропы
Не менш цікавая карта тычыцца насельніцтва сталіц. І тут Беларусь ледзь не рэкардсмен. У Мінску, як бачым, жыве амаль чвэрць нацыі. Але мы не лідары ў гэтай сферы — на першым месцы Капенгаген, які стаў прытулкам для больш за траціну датчан. Тым не менш, трэнд відавочна не пазітыўны, паколькі перш за ўсё сведчыць пра дыспрапорцыю ўзроўню жыцця паміж правінцыяй і метраполіяй. І, шчыра кажучы, адказ на пытанне, як нашыя «мандарыны» здольныя хаця б прытармазіць гэты працэс, вялікая загадка.
Мапа падзелу Еўропы на краіны, дзе аддаюць перавагу ёсць бульбу фры з маянэзам або кетчупам
Якіх толькі мапаў не ствараюць картографы, што працуюць у жанры незвычайнай картаграфіі. Як вам, напрыклад, мапа негалоснага супрацьстаяння аматараў ужываць бульбу фры з кетчупам або з маянэзам. Ёсць таксама краіны, дзе ў ход ідзе як маянэз, так і кетчуп. Аказваецца, на гэты конт Еўропа жорстка дзеліцца на шэраг зонаў. Сыходзячы з гэтай мапы, беларусы з’яўляюцца адэптамі маянэзу (у гэтыя клуб уваходзяць не толькі экс-савецкія народы, аднак і французы). Цікава, што пра гэта думаюць у адміністрацыі АГЛ, які неаднаразова асабіста даваў грамадзянам геніяльныя інструкцыі наконт іх меню.