Беларускія «Песняры» падтрымалі ў Адэсе двух розных кандыдатаў у дэпутаты. З розніцай у 1,5 гадзіны
Беларускія "Песняры" падтрымалі ў Адэсе канцэртамі двух розных
кандыдатаў у дэпутаты ў Вярхоўную Раду Украіны. Як паведамляе Еўрарадыё,5 ліпеня беларускія музыкі выступілі на канцэрце за Дмытра Танцюру, які
балатуецца па 133 акрузе. Праз паўтары гадзіны ўжо гралі і спявалі на
шоў у падтрымку Генадзія Чэкіты, які балатуецца на суседняй, 134 акрузе.
На першым канцэрце прысутнічаў сам кандыдат Дмытро Танцюра і ён распавёў, што выступ "Песняроў" абышоўся яму ў 50 тысяч грыўняў (гэта прыкладна 4 тысячы беларускіх рублёў). Кандыдат ідзе на выбары шляхам самавылучэння, але з'яўляецца сябрам партыі "Давярай справам", гэтак званай "партыі мэраў". Танцюра не ўважае канцэрт подкупам выбаршчыкаў.
Колькі заплацілі за ўдзел "Песняроў" у другім канцэрце, дзе давялося выступаць за Чэкіту, не ўдакладняецца.
Лідар беларускага гурту Вадзім Касенка заявіў, што не ўяўляе, якім чынам вырашалася гэтае пытанне. Ён сказаў, што яго справа — проста выступіць і ўсе пытанні параіў задаваць дырэктару.