Бельгія вярнула Конга залаты зуб Патрыса Лумумбы
Падчас спецыяльнай цырымоніі ўлады Бельгіі перадалі сваякам Патрыса Лумумбы яго залаты зуб — усё, што засталося ад першага прэм'ер-міністра незалежнага Конга, забітага сепаратыстамі, якім дапамагалі бельгійскія салдаты.
Лумумба, люты крытык каланіяльных бельгійскіх уладаў, у 1960 ва ўзросце 34 гадоў стаў першым прэм'ер-міністрам незалежнага Конга.
Аднак яго пастаянная крытыка каланіяльнай палітыкі Бельгіі і гульні з Масквой на піку халоднай вайны выклікалі незадаволенасць у Брусэлі і Вашынгтоне, і ўжо праз некалькі месяцаў ён быў скінуты ў выніку дзяржаўнага перавароту, а ў 1961 пакараны ў правінцыі Катанга, прычым яго цела было раздзелена і распушчана ў кіслаце.
Залаты зуб Лумумбы пакінуў сабе ў якасці трафея бельгійскі паліцэйскі, які ўдзельнічаў у пакаранні палітыка. Зуб быў канфіскаваны ў дачкі паліцыянта бельгійскімі ўладамі пасля таго, як у 2016 сваякі Лумумбы падалі скаргу ў суд з патрабаваннем да Бельгіі вярнуць у Конга дарагую рэліквію.
Патрыс Лумумба быў харызматычным палітыкам і прыхільнікам ідэі панафрыканізму. Ён адыграў ключавую ролю ў здабыцці Конга незалежнасці ад Бельгіі.
Падчас ваеннага перавароту ўрад Лумумбы быў скінуты, а сам ён узяты пад варту і неўзабаве пакараны. Толькі праз 40 гадоў улады Бельгіі прызналі, што нясуць маральную адказнасць за яго смерць.
І хоць афіцыйнае расследаванне «ваенных злачынстваў», звязаных з забойствам Лумумбы афіцыйна яшчэ працягваецца, у жывых з падазраваных і патэнцыйных абвінавачаных засталося ўсяго два чалавекі.
Сваякоў Лумумбы прымаў у Брусэлі кароль Бельгіі Філіп, які ў пачатку чэрвеня пабываў у Дэмакратычнай рэспубліцы Конга, каб выказаць шкадаванне наконт каланіяльнага мінулага краіны.