«Большасць з Піцера і Масквы. Шмат хлопцаў едуць з Уралу, з Сібіры»

Часопіс «Город 812» надрукаваў інтэрв'ю з расейскім памагатым тэрарыстаў, што вярбуе цэлыя групы «добраахвотнікаў» для вайны супраць украінскага войска на Данбасе. Аляксандр Жучкоўскі падрабязна распавёў, як расейцы адпраўляюцца на дапамогу тэрарыстам.



voen.jpg

Аляксандр Жучкоўскі

«Я стараюся сустрэцца з чалавекам асабіста і высвятляць, наколькі ён псіхалагічна і фізічна гатовы да вайны. З інтэрнэт-ліставання не заўсёды зразумелая ягоная сутнасць і намеры. Пецярбуржцы праходзяць 6-дзённы трэнінг у ваенным клубе — так званы «курс партызанаў». Ахвотнікаў так шмат, што іх навучанне пастаўленае на паток. Ім даюць элементарныя веды, забяспечваюць неабходным, і ўжо зарганізаванаю групаю адпраўляюць ва Украіну», — не хавае ад журналістаў Аляксандр Жучкоўскі. Ён цвердзіць, што толькі за апошнія два месяцы адправіў ваяваць на Данбас каля 300 асобаў: «большасць з Піцера і Масквы. Шмат хлопцаў едуць з Урала, з Сібіры».

Вярбоўшчык заяўляе, што «адчувае татальнае падтрыманне расейскага грамадства» і ўладных структураў. 

«Яшчэ нядаўна памежнікі не прапускалі грузу з медыкаментамі, бо на іх не было дакументаў. А цяпер ні паліцыя, ні памежнікі, ні ФСБ не чыняць ніякіх перашкодаў», — гаворыць памагаты баевікоў.

Жучкоўскі распавёў, што ахвотныя ваяваць за «Наваросію» з іншых рэгіёнаў едуць наўпрост да Растова. Там на мяжы з Украінаю для іх ёсць калідор праз мяжу. Такіх каардынатараў, як Жучкоўскі, у Расіі некалькі. Ён мяркуе, што цяпер на Данбасе ваюе не менш як 1,5 тысячы расейцаў.

Інтэрв'ю ў расійскай газеце з'явілася пасля таго, як з'явіліся паведамленні пра гібель на Данбасе двух расійскіх баевікоў — Матвея Яфрэмава ды Уладзіміра Мельнікава.

belsat.eu