Больш за сто дзеячаў сусветнай культуры выступілі ў падтрымку Сянцова

Больш за сто дзеячаў сусветнай культуры выступілі ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які галадае ў расійскай турме. Яны таксама заклікалі афіцыйныя асобы ЕС і ААН аказаць ціск на Расію, каб дамагчыся яго хутчэйшага вызвалення.

dd46ad6c_9cfa_408f_8a71_b52ebd237c53_w1023_r1_s.jpg


Зварот дзеячаў культуры апублікавала французскае выданне Le Monde.
У ім прысуд Сянцова названы "замахам на свабоду думкі і творчасці", адзначаецца, што ён "відавочна не выконваў права абароны" і "з'яўляецца парушэннем міжнароднага права і асноўных нормаў правасуддзя", а сам Сянцоў параўноўваецца з Васілём Гроссманам, Аляксандрам Салжаніцыным і іншымі "дысідэнтамі пры камуністычным рэжыме".
Подпісы пад зваротам паставілі, у прыватнасці, класік сусветнага кінематографа французскі рэжысёр Жан-Люк Гадар, двухразовы ўладальнік "Залатой пальмавай галіны" брытанскі рэжысёр Кен Лоўч, уладальнік прэміі "Оскар" канадскі рэжысёр Дэвід Кроненберг і міністр культуры Францыі Франсуаза Нісэн.
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў асуджаны ў Расіі на 20 гадоў па абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анексаваным Крыме. Сваю віну ён не прызнае.
14 мая Сянцоў абвясціў галадоўку з патрабаваннем выпусціць з расійскіх турмаў усіх украінскіх палітвязняў, якую не спыняе да гэтага часу. Ён неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць яе "да канца".
На мінулым тыдні сястра рэжысёра Наталля Каплан заявіла, што атрымала ад брата ліст, у якім той паведаміў ёй, што "амаль не ўстае" і "канец блізкі". Яна назвала стан Сянцова "катастрафічным".
Ва ФСВП у сваю чаргу сцвярджаюць, што пагрозы жыцця зняволенага няма.

svoboda.org