Крэмль адмовіў маці Сянцова ў памілаванні сына
З прашэннем аб памілаванні сына Людміла Сянцова звярнулася да Пуціна 13 ліпеня.
Крэмль адмовіў маці Сянцова ў задавальненні просьбы аб памілаванні сына. Для пачатку працэдуры памілавання ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў павінен самастойна звярнуцца да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з такой просьбай. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымаў маці рэжысёра з Упраўлення па забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзян пры адміністрацыі прэзідэнта Расіі.
З прашэннем аб памілаванні сына Людміла Сянцова звярнулася да Пуціна 13 ліпеня. Да таго часу Алег Сянцоў ужо два месяцы трымаў галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў з расійскіх турмаў.
«У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку разгляду хадайніцтваў аб памілаванні ў Расійскай Федэрацыі працэдура памілавання пачынаецца з асабістага хадайніцтва асуджанага да прэзідэнта РФ у пісьмовай форме праз адміністрацыю папраўчай установы, дзе ён адбывае пакаранне», — гаворыцца ў лісце, апублікаваным на сайце тэлеканала Громадське. Пры гэтым адзначаецца, што «пры разглядзе хадайніцтва аб памілаванні асуджанага ўлічваюцца хадайніцтвы іншых асоб (у тым ліку сваякоў)». У тэксце Сянцоў названы грамадзянінам Расіі, нягледзячы на пярэчанні яго самога і Украіны.
Стрыечная сястра Сянцова Наталля Каплан расцаніла адказ Крамля, як адмову ў памілаванні.
Адвакат Мікалай Полазаў, некаторыя падабаронныя якога былі вернутыя ва Украіну ў выніку дамоўленасцей на вышэйшым узроўні і абмене, заявіў, што «ў Крамлі зноў хлусяць аб памілаванні Сянцова». Паводле яго слоў, ні адзін з яго падабаронных грамадзян Украіны, вызваленых пасля ўказа аб памілаванні, не пісаў ніякіх прашэнняў Пуціну. За іх гэта рабілі цалкам староннія людзі па ўказцы адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Усіх вызвалілі пасля прыняцця палітычнага рашэння па кожным. «Пуцін проста не хоча вызваляць Сянцова», — лічыць адвакат Мікалай Полазаў.
Паводле svoboda.org