Брытанскую каралеўскую пошту атакаваў звязаны з Расіяй вірус-вымагальнік

Каралеўская пошта Вялікабрытаніі (Royal Mail) стала ахвярай нападу віруса-вымагальніка. Хакеры, відаць, папрасілі выкуп за даныя — некалькі мільёнаў фунтаў, піша ВВС.

Фота GETTY IMAGES

Фота GETTY IMAGES

Вірус, з-за якога Брытанская паштовая служба ўжо некалькі дзён не можа адпраўляць пасылкі і лісты за мяжу, распрацавалі і ўжываюць звязаныя з Расіяй хакеры.

Пра маштабны кібер-напад на найбуйнейшую брытанскую паштовую службу стала вядома ў сераду. Сёння Каралеўская пошта ўсё яшчэ просіць карыстальнікаў не спрабаваць адпраўляць што-небудзь у іншыя краіны, паколькі яе камп'ютарныя сістэмы застаюцца няспраўнымі.

Крыніцы, блізкія да следства, паведамілі ВВС, што пры нападзе была ўжыта праграма-вымагальнік «Lockbit». Паводле даных кампаній, якія спецыялізуюцца на камп'ютарнай бяспецы, яе распрацавалі злачынныя групы, звязаныя з Расіяй.


Пакуль невядома, дзе менавіта знаходзяцца зламыснікі, якія здзейснілі напад на брытанскую пошту. У лістападзе мінулага года ўлады ЗША прад'явілі абвінавачванні ў арганізацыі кібер-атакі з дапамогай «Lockbit» чалавеку з падвойным канадска-расійскім грамадзянствам; сцвярджаецца, што свае напады ён ажыццяўляў з тэрыторыі Канады.

Афіцыйны прадстаўнік Каралеўскай пошты адмовіўся адказаць на пытанне, ці сапраўды арганізацыя стала ахвярай нападу з ужываннем віруса-вымагальніка. Ён заявіў, што пакуль не можа сказаць, калі будзе адноўлена адпраўка лістоў і пасылак за мяжу.

Вірусы-вымагальнікі блакіруюць даныя ў камп'ютарных сістэмах, пасля чаго хакеры, як правіла, патрабуюць выкуп у крыптавалюце. Звычайна яны таксама вызначаюць дэдлайн, пасля якога пагражаюць апублікаваць скрадзеныя файлы.

Карэспандэнт ВВС бачыў паведамленне, якое злачынцы адправілі Каралеўскай пошце: «Вашы даныя скрадзены і зашыфраваны».

Відаць, хакеры папрасілі выкуп — некалькі мільёнаў фунтаў, аднак крыніцы паведамілі ВВС, што ў спецыялістаў ёсць спосабы вярнуць сістэмы да працы і без выплаты.

З-за нападу хакераў пацярпелі камп'ютарныя сістэмы, якія Брытанская паштовая служба выкарыстоўвае для апрацоўкі і адсочвання адпраўленняў за мяжу. Вірус пашкодзіў праграмнае забеспячэнне ў шасці офісах Каралеўскай пошты, уключаючы маштабны цэнтр апрацоўкі ў Хітроў каля Лондана.

Хакерскія атакі з ужываннем вірусаў-вымагальнікаў адбываюцца ў розных краінах свету амаль кожны дзень. Аднак напад на Каралеўскую пошту — асаблівы выпадак, паколькі яна належыць да крытычнай інфраструктуры краіны, гэта значыць вельмі важная для брытанскай эканомікі.

Royal Mail — Нацыянальная паштовая служба Вялікабрытаніі, заснаваная ў 1516 годзе. У ёй працуе 158,5 тысяч супрацоўнікаў. Кампанія за год апрацавала 152 мільёны міжнародных пасылак. Агульны даход кампаніі па выніках 2021 года склаў 12,6 мільярды фунтаў. Ураду належыць 30% акцый Royal Mail.