Будынак МУС Чэхіі ўпрыгожылі банерам з Пуціным у мяшку для трупаў
На будынку Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі ў пятніцу з'явіўся банер, на якім на фоне чэшскага сцяга намаляваны мяшок для трупаў, з якога тырчыць галава прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Такое фота ў Twitter апублікаваў кіраўнік чэшскага МУС Віт Ракушан, піша «Еўрапейская праўда».
«Мы ведаем, хто наш сябар, які пралівае кроў за нашу свабоду. А яшчэ мы ведаем, хто наш вораг, і не дадзім яму скрасці паняцце патрыятызму або наш сцяг», — падпісаў ён фота.
Нагадаем, сёння, 28 кастрычніка, у Чэхіі святкуецца Дзень незалежнасці.
Зрэшты, гэта не першы выпадак, калі чэшскія чыноўнікі жорстка крытыкуюць Пуціна. Так, міністр абароны Чэхіі Яна Чарнакова на 70-годдзе прэзідэнта РФ сфатаграфавалася ў футболцы з «пасланнем» для яго, якую ёй падарыла Чэшская ініцыятыва збору сродкаў на зброю для Украіны.