Целы загінулых у ЦАР журналістаў дастаўлены ў Расію
Самалёт авіякампаніі Air France з целамі трох расійскіх журналістаў, забітых у Цэнтральнай Афрыцы, прызямліўся ў ноч на 5 жніўня ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, паведамляе «Інтэрфакс».

Па дадзеных Следчага камітэта, у цяперашні час целы накіраваныя на судова-медыцынскую экспертызу з мэтай ўстанаўлення прычын гібелі расейцаў.
У межах узбуджанай крымінальнай справы следчыя дапыталі сваякоў загінулых.
У цяперашні час працягваецца праца па высвятленні ўсіх абставінаў гэтага злачынства. Дапытваюцца калегі, знаёмыя загінулых расейцаў і іншыя асобы, якія могуць валодаць якімі-небудзь звесткамі ў сувязі з расследаваннем гэтага злачынства.
Журналіст Архан Джэмаль, рэжысёр Аляксандр Растаргуеў і аператар Кірыл Радчанка былі забітыя 30 ліпеня ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, куды яны прыехалі здымаць фільм пра наёмнікаў з ЧВК «Вагнер». Па адной з версій, на машыну журналістаў напалі з мэтай рабавання.
Паводле meduza.io