Расія. Жарт пра гадзіннік патрыярха — экстрэмізм
На жыхара Барнаула завялі справу аб экстрэмізме за жарт у «УКантакце» пра гадзіннік патрыярха.
У Барнауле праваахоўныя органы распачалі справу аб экстрэмізме ў дачыненні да 38-гадовага мясцовага жыхара Андрэя Шашэрына за карцінку, змешчаную ў «УКантакце».
На малюнку нехта, падобны да Ісуса Хрыста, цікавіцца ў патрыярха Кірыла, якая цяпер гадзіна. Той у нецэнзурнай форме прапануе не задаваць пытанняў, а пакінуць яго ў спакоі.
На старонцы Шашэрына было яшчэ некалькі малюнкаў з жартамі на рэлігійную тэматыку, аднак экспертыза палічыла, што яны не парушаюць нормы этыкі.
На час расследавання Шашэрыну забаронена карыстацца банкаўскімі рахункамі. Прычым гэта зроблена без адпаведнай пастановы суда.
«У дадзеным кантэксце вобраз Хрыста выкарыстоўваецца для дэманстрацыі негатыўных якасцяў служыцеляў царквы — імкнення да ўзбагачэння. Камунікатыўная мэта — дыскрэдытацыя РПЦ», — зафіксавана ў справе пра экстрэмізм.
Нагадаем, у 2012 годзе на сайце РПЦ быў выкладзены фотаздымак патрыярха, на якім быў зарэтушаваны гадзіннік Breguet на яго руцэ. Аднак карыстальнікі інтэрнэту заўважылі яго адлюстраванне на лакіраванай паверхні стала. Пазней прэс-служба РПЦ выбачылася за рэтуш фатаздымку.
Паводле meduza.io