Ці разваліцца Аўстралія?

Штат Куінслэнд адмаўляецца падпісваць закон пра новыя правілы для ўладальнікаў англійскага трону, як таго патрабуе Камбера. Нагадаем, хутка Палата лордаў Вялікабрытаніі павінна прагаласаваць за папраўкі ў закон аб спадчыне.



avstralija_o734.jpg

Як вядома, англійскі кароль (каралева) фармальна з’яўляецца галавою не толькі Вялікабрытаніі, але і суб’ектаў, якія ўваходзяць у склад так званай Брытанскай садружнасці.

 

Большасць з грамадзян краін Брытанскай садружнасці, калі меркаваць па прэсе, абыякава назіраюць за працэсамі ў Лондане. Брытанскі кароль (каралева), як вядома, — сімвалічны інстытут, які не ўплывае на адміністратыўныя рашэнні. Аднак у Аўстраліі, дзе моцны рэспубліканскі рух, дэбаты ў Лондане сталі нагодай для новых заклікаў да выхаду з-пад дыктату Вялікабрытаніі. У якасці адказу на актыўнасць рэспубліканцаў урад Куінслэнда заявіў, што прыме асобны біль аб правах, як дазволіць штату заставацца манархіяй нават у выпадку пераходу Аўстраліі на рэспубліканскі лад. Такая мера, па словах кіраўнікоў Куінслэнда, падкрэсліць сувязь народу штату з каралеўскім домам Віндзараў.

 

Між тым, федэральны ўрад не верыць у прыліў манархісцкіх настрояў у Брысбене (сталіца Куінслэнда). На думку каментатараў, гаворка ідзе пра спробу адрадзіць у штаце сепаратысцкі рух, які назіраўся тут у 1970-я гады. Тады Куінслэнд спрабаваў дабіцца большага суверэнітэту, аднак вышэйшы суд заблакаваў такія праекты.

 

Так ці інакш, прывід сепаратызму, які з пачаткам крызісу гуляе па Еўропе, цяпер, здаецца, дабраўся да Аўстраліі, якая, як вядома, з 1900 года з’яўляецца федэрацыяй шасці штатаў. У прынцыпе, Аўстралія сутыкалася з феноменам сепаратызму і раней. Напрыклад, на пачатку мінула стагоддзя жыхары залатых руднікоў на захадзе краіны патрабавалі ў Лондана стварэння свайго штату. Аднак найбольшы ўздым руху прыйшоўся на часы Вялікай дэпрэсіі 1920-х гадоў. Тады ў штаце Заходняя Аўстралія ўзнік рух, які патрабаваў выхаду тэрыторыі са складу федэрацыі і стварэння брытанскага дамініёну Заходняя Аўстралія.

 

На думку аўтараў праекту, для гэтага былі аб’ектыўныя прычыны. Па сутнасці, Заходняя Аўстралія была ізаляванай ад цэнтру камунай. У тутэйшых не было сродкаў, каб падарожнічаць, што рабіла іх «заложнікамі тыраніі прасторы». Нават спартовае жыццё мела выключна лакальны характар. Акрамя таго, Лондан праводзіў тут актыўныя праграмы па перасяленні. У выніку кожны пяты жыхар рэгіёну напрыканцы 1920-х быў народжаны за мяжой Аўстраліі і па сутнасці не разумеў, што такое быць аўстралійцам. Стварэнне асабістай ідэнтычнасці паўплывала на палітыкум, які бачыў перспектывы для краю ў развіцці прамых кантактаў з метраполіяй.

 

Прымітыўная канцэпцыя паляпшэння дабрабыту жыхароў Вестраліі (так часта называўся штат) за кошт большай дыстанцыі ад Канберы ўзнікла яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў. Аднак зеніту папулярнасці ідэя дасягнула з пачаткам крызісу, які моцна ўдарыў па лакальнай эканоміцы: беспрацоўе ў Пертэ, сталіцы штату, на той час складала каля 30 працэнтаў.

 

У 1930 годзе адбыліся ўстаноўчыя зборы Лігі за дамініён. Цікава, што Ліга за дамініён не была палітычнай арганізацыяй. Хутчэй, гэта быў шырокі грамадскі рух, які выкарыстоўвалі кансерватыўныя колы ў барацьбе з лейбарыстамі. На думку гісторыкаў, па сутнасці Ліга за дамініён аказалася лакальным аналагам такіх тагачасных радыкальных палітычных рухаў, як фашысты або камуністы, якія ў той час актывізаваліся ў іншых аўстралійскіх штатах.

 

У адказ на буйную дзейнасць Лігі за дамініён палітыкі ў Канберы і прафсаюзы заснавалі рух федэралістаў, які намагаўся давесці, што ў часы крызісу ўсім жыхарам Аўстраліі трэба трымацца разам.

 

8 красавіка 1933 года ў штаце адбыўся рэферэндум аб выхадзе са складу Аўстраліі. 68 працэнтаў падтрымалі гэту прапанову. Дэлегацыя мясцовага ўраду адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання адправілася ў Лондан, каб уладзіць фармальнасці наконт абвяшчэння краю дамініёнам. Па іх прыбыцці на берага Тэмзы пры брытанскім урадзе была заснаваная спецыяльная камісія, якая 18 месяцаў радзілася, і ў выніку вырашыла пакінуць усё так, як было. Дэлегацыя сепаратыстаў вярнулася на радзіму з пустымі рукамі. Цяжка сказаць, чым усё гэта скончылася б, аднак менавіта ў гэты час эканоміка пачала выходзіць з крызісу. Сепаратысцкія забабоны былі імкліва забытыя, а ў 1936 годзе сама Ліга за дамініён прыпыніла існаванне.

 

Аднак фронда перыферыйных штатаў мела месца і пазней. Звычайна, цэнтр крытыкавалі за тое, што ўнёсак штатаў у нацыянальную эканоміку ніяк не ўплывае на іх ролю ў працэсе прыняцця палітычных рашэнняў. Узнік нават тэрмін «Штат Папялушкі» — так называюць рэгіёны, якія скардзяцца на тое, што іх абірае цэнтр. Праўда, комплексы Папялушкі часта набываюць папулярны характар. Так, у 1970-я гады ў тым жа Куінслэндзе ўзніклі забабоны супраць працоўных эмігрантаў з поўдня, якіх называлі ледзь не «мексіканцамі». У сваю чаргу, жыхары поўдня пачалі ўжываць у дачыненні да Куінслэнда ксенафобскі тэрмін «глыбокая поўнач», разумеючы пад гэтым нешта вельмі правінцыйнае.

Адпаведна закону, будучая дачка прынца Уільяма і Кэйт Мідлтан можа быць каралевай. Калі пасля ў сям’і народзіцца хлопчык, старэйшая сястра ўсё роўна захавае прыярытэтныя правы на трон.

 

У Заходняй Аўстраліі ў 1974 годзе незадаволеныя тарыфнай палітыкай ураду мясцовыя прадпрымальнікі заснавалі рух сепаратыстаў, які да таго, як яго ахапіла стагнацыя, быў нават прадстаўлены ў сенаце. Апошні раз сепаратысцкія настроі праявіліся ў чэрвені 2011 года, калі Норман Мур, чыноўнік з Заходняй Аўстраліі, заклікаў да выхаду штату з федэрацыі і стварэння саюзу з Кітаем і ЗША.

 

Адной са сталых крыніц сепаратызму ў Аўстраліі таксама з’яўляецца вечны рух за стварэнне новых штатаў, што, дарэчы, дазволена 4-м параграфам Канстытуцыі. У тым жа штаце Куінслэнд існуе рух за стварэнне штату Паўночны Куінслэнд. Патрабуюць утварэння свайго штату і абарыгены, якія нават стварылі ў 1990 годзе часовы ўрад. Праўда, межы гэтага штату не зразумелыя, паколькі некаторыя актывісты руху абарыгенаў баяцца, што вызначэнне межаў штату будзе значыць адмову ад іншых тэрыторый, якія ў свой час захапілі белыя. Дасюль не зніклі аматары зрабіць штатам Аўстраліі Новую Зеландыю. Нейкі час лічылася, што так і павінна быць. Напрыклад, у 1908 і 1912 гадах новазеландцы выступалі на Алімпійскіх гульняў у складзе каманды Аўстраліі.

 

Для поўнага ўяўлення пра аўстралійскі сепаратызм трэба ўзгадаць Княства Хат-Рывер. Хат-Рывер было створана ў 1970 годзе, калі фермер Леанард Джордж Кэслі фармальна аддзяліўся ад Садружнасці Аўстраліі з прычыны спрэчкі пра квоты на пшаніцу. Пасля правінцыя была абвешчаная княствам, якое зараз направа і налева раздае пашпарты і нават друкуе грошы. МЗС Аўстраліі некалькі разоў папярэджвала іншаземцаў, што княства і яго князь — гэта чыстая афера, аднак ніхто не замінае князю і далей займацца падробкамі. Хутчэй за ўсё, у Канберы лічаць, што сепаратысцкія настроі — элемент аўстралійскай палітычнай культуры.