Цяпер і Польшча. Польскія памежнікі затрымалі 53 мігранты з Беларусі
Польскія памежнікі 20 ліпеня затрымалі дзве групы мігрантаў, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу.
Каля трох гадзін ночы групу з 49 чалавек (41 мужчына, 2 жанчыны і 6 дзяцей) затрымалі за 100 метраў ад мяжы. Яны прадставіліся грамадзянамі Афганістана, піша REFORM.by.
Праз некалькі гадзін былі затрыманыя чацвёра грамадзян Ірака.
Ні ў каго з мігрантаў не было пры сабе дакументаў. Усіх размясцілі ў цэнтрах для замежнікаў, паведамляе Падляскі аддзел памежнай службы Польшчы.
Нагадаем, Лукашэнка неаднаразова пагражаў краінам ЕС тым, што ён спыніць «ахову ЕС ад мігрантаў», якія ідуць праз Беларусь. У апошнія часы значна (у 26 разоў у параўнанні з усім папярэднім годам) ўзрос паток нелегальных мігрантаў у Літву. Літоўскі бок заяўляе, што афіцыйны Мінск наўпрост спрыяе нелегальнай міграцыі.