Чаго вы, магчыма, не ведалі пра венгерскія падзеі ў 1956 годзе
23 кастрычніка спаўняецца 60 гадоў ад пачатку выступлення венгерскага народа супраць камуністычнай сыстэмы, якое было праз 12 дзён задушана савецкай арміяй. Руская служба BBC узгадвае некалькі фактаў пра тыя падзеі.
Факт 1
На першым этапе (23–30 кастрычніка 1956 году) пазіцыя кіраўніцтва СССР была досыць стрыманай. За бескампраміснае выкарыстанне сілы выступаў толькі Клімент Варашылаў. Астатнія, уключаючы першага сакратара КПСС Мікіту Хрушчова, галоўнага ідэолага партыі Міхаіла Суслава і міністра абароны Георгія Жукава, асцерагаліся супраціву венграў і рэакцыі Захаду і меркавалі, што трэба шукаць агульную мову з новым венгерскім прэм'ерам Імрэ Надзем, які, хоць і не зусім «наш», затое здольны кантраляваць сітуацыю. Менавіта так развіваліся прыкладна ў той жа час падзеі ў Польшчы, дзе Масква змірылася з прыходам да ўлады Уладзіслава Гамулкі, якога лічыла правым апартуністом. Той апынуўся цалкам прымальнай для Крамля фігурай. У выніку 30 кастрычніка савецкія войскі былі выведзеныя з Будапешта.
Факт 2
Фатальную ролю адыграў інцыдэнт 31 кастрычніка, калі дэманстранты атачылі будынак будапешцкага гаркама партыі, які лічыўся апорай кансерватараў. Спачатку яны быццам бы хацелі толькі «разагнаць сталіністаў». Але раптам пачуліся стрэлы, на плошчы з'явіліся забітыя і параненыя. Раз'юшаны натоўп уварваўся ў гаркам і лінчаваў каля дваццаці чалавек, у тым ліку першага сакратара Імрэ Мэзе. Па ўсім горадзе пачалі адлоўліваць і вешаць на дрэвах афіцэраў дзяржбяспекі, якіх пазнавалі па аднолькавых жоўтых чаравіках, выдадзеных ў гаспадарчым упраўленні. Гэта рэзка змяніла настрой у Маскве. Хто адкрыў агонь, да гэтага часу незразумела. У СССР віну ўскладалі на «банды эмігрантаў-хартыстаў», нібыта перакінутых з ФРГ і Аўстрыі, хоць ні аднаго баявіка-эмігранта злоўлена не было. Па іншых дадзеных, правакацыю здзейснілі венгерскія чэкісты.
Жыхары Будапешта перш за ўсё знеслі 8-метровую статую Сталіна з надпісам на пастаменце: «Настаўнік і лепшы сябар вугорскага народа»
Факт 3
У адрозненне ад падаўлення «Пражскай вясны» ў 1968 годзе, у Будапешце не абыйшлося без баёў і вялікай крыві. Маршал Іван Конеў, які камандаваў уводам войскаў, ужыў тую ж тактыку, якую выкарыстаў пры штурме Берліна: кінуў на вузкія вуліцы вялікага горада масу танкаў. Абаронцы Будапешта закідвалі іх «кактэйлямі Молатава» і абстрэльвалі з верхніх паверхаў будынкаў. За тры дні загінулі 2652 венгра і 640 савецкіх вайскоўцаў, параненыя былі адпаведна 19226 і 1251 чалавек. 26 салдатам і афіцэрам за ўдзел у неаб'яўленай вайне прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
Факт 4
Па выніках паўстання афіцыйна былі вынесеныя шэсць смяротных прысудаў: прэм'еру Венгрыі Імрэ Надзю, які ўзначаліў вызваленчы рух, міністру абароны Палу Малетэру, публіцысту Міклашу Гімешу і яшчэ тром фігурантам іншых працэсаў. Але розныя крыніцы кажуць пра 350 і нават 1200 забітых ужо пасля падаўлення паўстання. 846 чалавек вывезлі ў савецкія лагеры і турмы, каля 13 тысяч знаходзіліся ў зняволенні на радзіме. Старшыня КДБ Іван Сяроў, які ездзіў разбірацца з «контррэвалюцыяй», атрымаў палкаводчы ордэн Кутузава I ступені.
Факт 5
Прэм'ер Венгрыі і адзін з лідараў пратэстаў Імрэ Надзь быў перакананым марксістам і старым камінтэрнаўцам, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне ў Расіі на баку чырвоных, з 1929 па 1944 жыў у Маскве. Некаторыя крыніцы прыпісваюць яму ўдзел у забойстве царскай сям'і, але доказаў гэтаму няма. Ступень закрытасці камуністычнай сістэмы была такая, што да гэтага часу дакладна невядома, якім спосабам пакаралі смерцю Надзя: расстралялі ці павесілі.
Факт 6
Распаўсюджана меркаванне, што смяротны прысуд у дачыненні да Надзя быў вынесены пад ціскам СССР. Аднак рассакрэчаныя дакументы паказваюць, што Хрушчоў не хацеў крайнасцяў, а прапаноўваў адправіць Надзя выкладчыкам у які-небудзь правінцыйны ВНУ. Вядомыя яго словы, сказаныя на пасяджэнні прэзідыума ЦК КПСС 5 лютага 1958 года: «Праявіць цвёрдасць і велікадушнасць». Аднак новы прамаскоўскі лідар Янаш Кадар настаяў на кары і, па некаторых дадзеных, нават прысутнічаў пры ёй, адпомсціўшы Надзю, якога лічыў адным з вінаватых ва ўласным арышту і катаваннях у 1951 годзе.
Факт 7
Кіраўнік каталіцкай царквы Венгрыі кардынал Ёжэф Міндсэнці, які 3 лістапада выступіў па радыё з заклікам да нейтралітэту краіны і свабодзе сумлення, пасля ўступлення ў Будапешт савецкіх войскаў схаваўся ў амэрыканскай амбасадзе і пражыў, не выходзячы з будынка, амаль 15 гадоў, што з'яўляецца рэкордам такога кшталту. Толькі ў 1971 годзе дзякуючы намаганням Ватыкана ўлады камуністычнай Венгрыі дазволілі яму з'ехаць на Захад. Пры гэтым была складзеная неафіцыйная здзелка: Міндсэнці падаў у адстаўку з пастоў арцыбіскупа Эстэргомскага і прымаса Венгрыі, але гэтыя кафедры заставаліся вакантнымі да яго смерці