Чаму татары могуць навучыць беларусаў у барацьбе за незалежнасць?

У Варшаве на мітынгу за незалежнасць Беларусі з’яўляюцца незвычайныя сцягі «Ідэль-Урала» — Вольнага Татарстана. «Ідэль-Урал» — гэта незалежніцкі рух Татарстана і народаў Урала.

Нафіс Кашапаў

Нафіс Кашапаў

Гістарычна «Штат Ідэль-Урал» з’явіўся ў студзені 1918 года, калі Усерасійскі Устаноўчы Сход прыняў «Пастанову аб дзяржаўным ладзе Расіі», у якім «Дзяржава Расійская абвяшчаецца Расійскай Дэмакратычнай Федэрацыяй». У адпаведнасці з гэтай пастановай на наступны дзень Мілет Меджліс заявіў аб нараджэнні суб’екта гэтай новай федэрацыі — штата Ідэль-Урал.
У лютым 1918 года ў Казані павінен быў адбыцца ўстаноўчы з’езд штата Ідэль-Урал. Бальшавікі, ведаючы пра гэта, склікалі ў горадзе абласны з’езд Саветаў Паволжа і Паўднёвага Урала — усяго 11 губерняў. На з’ездзе прысутнічалі і татары-мусульмане. У выніку з’езд выступіў супраць ідэі нацыянальнай аўтаноміі на карысць абласной аўтаноміі. У адказ мусульманская фракцыя пакінула з’езд.
26 мусульманскіх арганізацый Казані прынялі рашэнне аб абвяшчэнні штата Ідэль-Урал. Ужо на наступны дзень па ўсім горадзе былі развешаныя плакаты з тэкстам універсала аб абвяшчэнні штата. Кіраўніцтва Казанскага губернскага Савета марудзіць не стала, і 26 лютага заснавала Казанскую Савецкую Рэспубліку, сфармаваўшы яе Савет камісараў. А ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1918 года кіраўніцтва Харбі Шуро — усерасійскага органа воінаў-мусульман — было арыштавана. Нацыянальныя структуры, што засталіся ў рэгіёнах, былі распушчаны бальшавікамі ў красавіку-маі 1918 года.
Але ідэя Ідэль-Уралу не знікла. У Варшаве знаходзіцца Рафіс Кашапаў — актывіст татарскага незалежніцкага руху «Ідэль-Урал», намеснік прэм’ер-міністра незалежнага кіраўніцтва Татарстана. Разам з Нафісам, братам-блізнюком, ён вядзе актыўную барацьбу за адраджэнне незалежнасці Татарстана і народаў Урала.

80884136_171813170871397_4946673354183540736_n_logo.jpg


Мы паразмаўлялі з Рафісам пра лёс народаў Урала, пра магчымыя наступствы інтэграцыі Беларусі з Расеяй і чым Расія можа быць небяспечная для нас.
— Мы даўно вядзем нашую грамадскую дзейнасць. У апошні час мы актывізаваліся ў адносінах да беларусаў. Да гэтага мы рабілі стаўку на паволскія народы і татараў. Зараз пачаўся жорсткі ціск Пуціна ў адносінах да беларусаў. На расійска-беларускай мяжы ўжо стаяць расійскія войскі. Гэта падрыхтоўка да ваеннай агрэсіі.
— Вашая дзейнасць у Расіі была расцэненая як экстрэмісцкая. У 2014-15 гадах вас асудзілі. Чаму той шлях, які вы выбіраеце, вы лічыце неабходным?
— Мы, калі служылі ў войску ў камуністычны час, бачылі падаўленне нацыянальных меншасцяў. Гэтае падаўленне было ў адносінах да мовы, культуры, рэлігіі. Будучы яшчэ маладымі, мы гэта заўважалі. Калі распаўся Савецкі Саюз і ўтварыліся грамадска-палітычныя арганізацыі, мы пачалі ім актыўна дапамагаць. Мы дапамагалі цюркскім, а таксама іншым народам Урала.
Былі 1 і 2 чачэнскія войны. Ува ўсіх гэтых справах нам прыходзілася ўдзельнічаць: аказвалі гуманітарную дапамогу.
— Самі вы лічыце сваю дзейнасьць экстрэмісцкай, як гэта вам спрабуюць прыпісаць? Ці ўсё ж вашая дзейнасць мела іншы характар?
— Разам з усімі маімі аднадумцамі лічым, што мы дэмакратычным шляхам вядзем грамадска-палітычную дзейнасць. У 2014 годзе мяне пасадзілі на тры гады. Я паўтары гады сядзеў у адзіночнай камеры, мяне нават атруцілі. Я не раз трапляў у шпіталі.
Але я хачу сказаць адно: я асуджаў Пуціна за тое, што ён увёў войскі ў Данбас. За тое, што ён акупаваў Крым. Гэта была менавіта агрэсія з боку Расіі да Украіны, а менавіта самога Пуціна. Да гэтага часу там прысутнічае 20 тысяч расійскіх войскаў. Гэта агрэсія ў дачыненні да ўкраінцаў. Я і тады, і цяпер гэта асуджаю, за што і атрымаў турэмны тэрмін зняволення.
— Як вы бачыце магчымасць адрадзіць Вольны Татарстан?
— Пасля вызвалення з турмы я прыехаў у Кіеў. Я знайшоў там аднадумцаў, хаўруснікаў, і мы арганізавалі «Вольны Ідэль-Урал». Тут ідзе размова не толькі пра вольны Татарстан, ідзе гаворка аб свабодзе Татарстана, Башкарастана, Удмуртыі і ўсіх рэспублік Паволжа. У гэтых рэспубліках жыве больш за 12 мільёнаў чалавек, а тэрыторыя іх крыху менш за Украіну. Гэта ўжо нямала!
Мы вядзем працу з грамадска-палітычнымі арганізацыямі, што прадстаўляюць усе гэтыя народы. У некаторых рэгіёнах нам прыходзіцца дзейнічаць падпольна, паколькі ФСБ адсочвае нашую актыўнасць. Былі нават выпадкі, калі некалькі чалавек арыштавалі і пасадзілі, паступалі шматлікія пагрозы. Але што зробіш: барацьба такая ёсць!
— Ці можна ў той Расіі, якая ёсць, нешта змяніць? Альбо найперш павінна змяніцца ўлада ў Расіі?
— Мы арыентуемся на тое, як вядуць змаганне сібірскія народы, каўказкія народы. Мы павінны з усімі гэтымі рэспублікамі і дзяржавамі весці супрацу. У 1991 годзе разваліўся Савецкі Саюз. Гэта для нас шанец. Такая невялікая Чачня дала адпор крамлёўскім акупантам. У Чачні жыве толькі каля мільёна чалавек, у рэспубліках жа Ідэль-Уралу налічваюць 12 мільёнаў чалавек!
Мы робім выснову, што мы маем вялікую сілу. Нас падтрымліваюць нават сілавыя структуры, якія без выкрывання сябе выказваюць нам салідарнасць.
У мінулых стагоддзях паўставалі арганізацыі Ідэль-Уралу, якія аб’ядноўваліся. Таталітарны рэжым іх знішчыў, але ў любым выпадку мы павінныя весці супрацу з гэтымі народамі.

81358873_171813244204723_2338592491327979520_n_logo.jpg


— У Беларусі людзі не жадаць, каб было «як ва Украіне». Людзі не жадаюць ваенным шляхам захопліваць уладу. Ці паўторыць Беларусь лёс Чачні ці Украіны, альбо трэба весьці барацьбу іншым шляхам?
— Я баюся за беларусаў. Расія хоча захапіць Беларусь. Пуцін дзейнічае подла, самі гэта бачыце. Як гэта было ў Чачні, Грузіі, Малдове, Украіне. Ён можа падкупіць беларускіх генералаў, каб тыя зрабілі пераварот. Яны могуць папрасіць афіцыйна дапамогі ў Расіі, а Расія ўвядзе войскі.
— Чаму вы дапамагаеце Беларусі?
— У 1552 годзе наша тэрыторыя Казанскага ханства была акупаваная расійцамі. Потым былі захопленыя ўсе народы Ідэль-Урала. Далей была захоплена Сібір, сярэднеазіяцкія краіны і Каўказ.
У такой жа сітуацыя цяпер знаходзіцца Беларусь. Мы разумеем становішча беларусаў. Калі беларусы будуць вельмі лучныя, то яны дадуць адпор. А калі не, то вас паставяць на калені. А гэтага мы не хочам.
— З вашага пункту гледжання, беларусам трэба з’яднацца і даць адпор?
— Так. У дадзены момант дапамогуць масавыя акцыі ва ўсіх гарадах Беларусі і ва ўсіх краінах, дзе жывуць беларусы. Беларусы ўголас павінны выказаць пратэст дзеянням Масквы.
— А калі параўноўваць Беларусь і Татарстан, наколькі адрозніваецца сітуацыя? Дзе цяжэй весці змаганне: будучы ў самой Расіі, у яе складзе, ці пад марыянеткавай расійскай акупацыяй?
— У вас напаўтаталітарная сістэма. Але ў вас ёсць свае сілавыя структуры, армія. На адным баку ў вас Расія, на іншым — Еўропа. Беларусам нашмат лягчэй супрацьстаяць агрэсіі Масквы.
У беларусаў быў добры досвед вядзення партызанскай вайны. Гэта азначае, што патрыятызм у крыві яшчэ застаўся. Калі пачнуцца ваенныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі, я думаю, што беларусы дадуць жорсткі адпор. Так яно і павінна быць.
А мы ў Татарстане — татары, удмурты, эрзы, мокшы і ўсе народы, — былі 600 гадоў каланізаваныя расійцамі, стаўшы больш слабымі, каб весці барацьбу. Вы былі акупаваныя пазней. Таму ў вас яшчэ засталося пачуццё патрыятызму.
— Вы ў Татарстане ўжо лічыце сябе больш рускім народам?
— Як сказаць… У рэспубліках Паволжа і татары ў Татарстане лічаць сябе татарамі, а не рускімі. І так — большасць. А тыя, хто жыве ў Сібіру, за мяжой рэспублік Ідэль-Уралу, ужо лічаць сябе рускімі. У гэтым плане каўказцы малойцы. Яны могуць абараніць свае каштоўнасці, веру і нацыю.
— Ці бачыце вы магчымасць сёння стварыць вольны Татарстан? Альбо гэты працэс будзе зацягнуты да іншай расійскай улады?
— Мы чакаем такога моманту. Пасля развалу СССР вельмі шмат грамадска-палітычных і рэлігійных арганізацый пераўтварыліся і стварыліся наноў. І мы ішлі наперад: адчынялі татарскія школы, нават універсітэт. Газеты, часопісы, тэлеперадачы, каналы… Не толькі ў Татарстане, але і ва ўсіх рэспубліках гэта адраджалася. Зараз усё задушана і знішчана.

79850390_166818094704238_6202649167379038208_n_logo.jpg


— У Беларусі рэжым Лукашэнкі яшчэ даволі моцны і не збіраецца сыходзіць. Яго падтрымлівае Пуцін, які яшчэ таксама пры ўладзе і жадае пры ўладзе застацца. У гэтай сітуацыі як, на вашае меркаванне нам належыць дзейнічаць? Можа, больш радыкальна?
— Улёткі і інтэрнэт. Паўсюль, нават у вёсках, раённых цэнтрах трэба ствараць ячэйкі супраціву. Вы памятаеце, як Ленін выдаваў газету «Іскра», якая падняла народ. А ў эпоху інтэрнэту магчымасцяў нашмат больш! Сапраўды, беларусы адчуваюць ціск з боку Расіі. Трэба найперш весці грамадска-палітычную працу. Трэба актывізаваць грамадска-палітычную дзейнасць. Трэба заклікаць людзей на «мірную барыкаду».
Пасля распаду Саюза мы патрабавалі свабоду для рэспублік. Мы паднялі 40-60 тысяч чалавек у Татарстане, паўсюль распаўсюджвалі газеты і ўлёткі. Такім жа метадам можна і беларусам весці барацьбу.
— Вы зараз знаходзіцеся ў эміграцыі ў Лондане ў Англіі?
— Так. Я быў вымушаны з’ехаць, бо інакш мне бы далі яшчэ гадоў пяць.
— Якія ў вас планы?
— Мы хочам стварыць Курултай народаў Ідэль-Уралу. Хочам разам сабраць усе цюрскія народы і публічна заявіць на ўвесь свет, чаму мы хочам свае вольныя рэспублікі.
— Што бы вы пажадалі беларусам, якія жывуць казкай, што ўсё само сабою складзецца, хто не прымае актыўнага ўдзелу ў змаганні?
— Я заклікаю ўсіх беларусаў не быць абыякавымі. Таму што, калі ідзе адкрытае супрацьстаянне інтарэсаў Беларусі і Расіі, беларусы павінны аналізаваць справы іншых народаў. Што было з грузінамі, эстонцамі, латышамі, з украінцамі. Што робяць расійскія войскі ў Сірыі.
Калі беларусы не змогуць аб’яднацца ў адзін кулак, значыць, Беларусь чакае падобная трагедыя! Таму што крывавая рука Крамля ніякіх сваіх народаў-суседзяў не шкадуе.
Таму я заклікаю аб’яднацца — аб’яднацца для таго, каб цалкам і канчаткова стаць вольнымі. Менавіта быць ганарлівым і самастойным народам. Гэтага самага я жадаю народам Паволжа. Калі мы ўсе аб’яднаемся, то даму адпор расійскаму агрэсару.