Да гадавіны перавароту ў Турцыі звольнена больш за 7000 дзяржслужачых

Тысячы дзяржаўных служачых у Турцыі адхіленыя ад працы новым дэкрэтам, апублікаваным у дзяржаўнай Official Gazette у пятніцу, напярэдадні гадавіны спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне.

turkey_1.jpg

У апублікаваным спісе звольненых — 2303 паліцэйскіх, 546 вайскоўцаў, 302 універсітэцкіх выкладчыка і больш за 3000 супрацоўнікаў розных міністэрстваў, уключаючы МУС, МЗС, мінюст, Міністэрства аховы здароўя і мінадукацыі. Агулам сваіх пасадаў пазбавіліся 7348 чалавек.
Спроба дзяржаўнага перавароту ў Турцыі адбылася ў ноч на 16 ліпеня 2016 года. Асноўныя падзеі разгортваліся ў двух найбуйнейшых гарадах краіны — Стамбуле і Анкары. У выніку супрацьстаяння загінулі 260 чалавек.
Пасля падаўлення бунту ў Турцыі было абвешчана надзвычайнае становішча. Нароўні з непасрэднымі ўдзельнікамі путчу былі арыштаваныя больш за 50 тысяч дзяржслужачых, уключаючы ваенных, суддзяў, выкладчыкаў універсітэтаў. Каля 150 тысяч чалавек пазбавіліся працы з-за падазрэнняў у сувязях з мяцежнікамі.
Улады Турцыі назвалі галоўным натхняльнікам і арганізатарам бунту ісламскага прапаведніка Фетхулу Гюлена  даўняга апанента прэзідэнта краіны Реджэпа Таіпа Эрдагана. У Анкары патрабуюць экстрадаваць Гюлена са Злучаных Штатаў, дзе ён жыве з 1999 года.
Сам Гюлен сцвярджае, што не мае дачынення да спробы перавароту. Прапаведнік паабяцаў вярнуцца ў Турцыю ў выпадку, калі яго віна будзе даказаная.
Паводле BBC