Доктар: Падтрымка Пуціна — гэта сэксуальная дэвіяцыя
Чаму вялікая колькасць людзей — адукаваных і заможных, — актыўна падтрымлівае або пакрывае ваенныя злачынствы Расіі, станоўча ацэньвае Пуціна? Нібыта ж усе гэтыя людзі добрыя і разумныя? Таму што гэта гібрыстафілія, альбо «сіндром Боні і Клайда», выказвае меркаванне доктар Андрэй Белавешкін.
Гібрыстафілія, згодна з Вікіпедыяй, гэта парафілія (сэксуальная дэвіяцыя), у якой сэксуальнае ўзбуджэнне, садзейнічанне і дасягненне аргазму звязаны з партнёрам, які, як вядома, здзейсніў гвалт, падман, хлусню, здраду або злачынства, напрыклад згвалтаванне або забойства. У вузкім сэнсе гэта эратычная цяга да людзей, якія здзяйсняюць злачынствы, а ў шырокім — цяга да партнёраў або людзей, якія актыўна праяўляюць рысы асобы цёмнай трыяды — тэтрады (псіха, сацыяпатыя, нарцысізм, макіявелізм, садызм).
Жанчыны, што актыўна заступаюцца за гвалтаўнікоў, якія іх збіваюць; мігранты, што падтрымліваюць Трампа, які абражае іх; абывацелі, што падтрымліваюць правадыроў, якія іх абкрадаюць, абражаюць і забіваюць; карыстальнікі сацсетак, якія лайкаюць нарцыса, што зневажае іх — усюды мы бачым ірацыянальныя паводзіны.
Пры гэтым цікава, што нават усведамленне гэтага не мяняе паводзіны, падкрэслівае доктар.
Паводле даследаванняў, жанчыны, якія адчуваюць цягу да злачынцаў, усведамлялі ненармальнасць і небяспеку гэтага, але сіла цягі ад гэтага не зніжалася. Пры гэтым чым больш крывавыя былі злачынствы, тым мацнейшая цяга: серыйныя забойцы або тэрарысты збіраюць сотні прыхільніц і тысячы лістоў з прызнаннямі ў каханні, піша Белавешкін.
Як паўстала гэта зʼява? З пункту гледжання эвалюцыйнай псіхалогіі, архаічныя пласты нашай псіхікі блытаюць антысацыяльныя паводзіны, прыматавасць з сацыяльным статусам.
Калісьці ў іерархічных зграях прыматаў правадыр трымаўся на пакараннях і прыніжэннях астатніх чальцоў зграі, і гэтым падтрымліваў свой аўтарытэт. Але часы прайшлі, і ўласна Homo sapiens развіліся ў эгалітарных плямёнах.
«Так, школьніц могуць прыцягваць “дрэнныя хлопчыкі”, але большасць дзяўчатак перарастаюць гэта, а “дрэнныя хлопчыкі” трапляюць на зону або паміраюць ад цырозу печані.
Тым не менш пры высокім узроўні стрэсу, няўпэўненасці, нявызначанасці, адчуванні пагрозы псіхіка рэгрэсуе да архаічных пераваг. Часта цяга да злачынцаў становіцца вынікам гвалту або жорсткага абыходжання ў дзяцінстве, адзіноты і нізкай самаацэнкі.
Інфантыльнаму або запалоханаму выбаршчыку пачынаюць падабацца “дрэнныя хлопчыкі”, якія парушаюць правілы, падтрымліваюць дэструктыўныя і зласлівыя імпульсы, напрыклад, крыўляюцца, здзекуюцца са слабых», — піша Белавешкін.
Паводле даследаванняў, носьбіты цёмнай трыяды могуць здавацца «сапраўднымі мужыкамі», «годнымі лідарамі», у параўнанні з якімі іншыя палітыкі — гэта проста «мямлі» і «батаны», тлумачыць ён.
Трапіўшы ва ўладу, носьбіты цёмнай трыяды пачынаюць паводзіць сябе як наркаманы — ім хочацца больш. Беспакаранасць распальвае злачынцаў і падштурхоўвае іх да больш цяжкіх злачынстваў. Любыя дэмакратычныя абмежаванні выклікаюць у іх лютасць, прагу неабмежаванай у часе і ў магчымасцях улады, магчымасць беспакарана забіваць, гвалтаваць і рабаваць.
Усё гэта вабіць гібрыстафілаў, мяркуе доктар. Менавіта таму яны распальваюцца пры наяўнасці носьбітаў такой абсалютнай улады. Таемна жадаючы яе, яны гатовыя выслужвацца перад «моцнымі гэтага свету», як, напрыклад Трамп і Маск перад Пуціным — таму, што шчыра захапляюцца ўзроўнем яго ўлады.
Белавешкін прапануе лайфхак: «Падтрымліваеш Пуціна? Ты ці злачынец, ці хочаш ім стаць».
Што ж з гэтым зрабіць?
Зразумець, што агрэсіўнасць і хамства — гэта не праява лідарства і ўпэўненасці, а архаічныя пласты псіхікі, калі ў прыматах правадыр — гэта той, хто забівае супернікаў і пастаянна праяўляе агрэсію ў адносінах да астатніх асобін статка.
Паважаць чалавечыя якасці: сумленнасць, ветлівасць, прынцыповасць, прытрымліванне ідэалаў. Для прыматывага розуму «правілы» або ветлівыя паводзіны — гэта слабасць.
Шанаваць інстытуты. Усе сапраўдныя чалавечыя інстытуты — гэта ўтаймаванне і выхаванне, плён розуму, плён дамоўленасцяў, узаемапавагі, веры ў чалавечы патэнцыял. Як і ўсё добрае, гэта доўга і цяжка ствараецца і лёгка руйнуецца, піша Белавешкін.
Паводле «Нашай Нівы»