Дональд Туск: Польшча зможа перайсці на еўра толькі праз 10 гадоў

Польскі ўрад не мае дастатковай падтрымкі ў парламенце для таго, каб прыняць адпаведныя змены ў Канстытуцыі.



zloty_or_euro.jpg

Злоты ці еўра?

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. З яго словаў, у Сейме не хапае некалькіх галасоў для таго, каб ініцыяваць працэс увядзення еўра. Толькі ў 2015 годзе можа з’явіцца такая магчымасць. Ну а сам працэс замены злотага на еўра зойме не менш за шэсць гадоў. Такім чынам, нават па самых аптымістычных прагнозах Польшча пяройдзе на новую валюту не раней за 2020 год.

«Мы не ўвойдзем у зону еўра, не змяняючы Канстытуцыю. У нас няма большасці для гэтага сёння, і, як мне здаецца, у нас не будзе такой большасці ў наступным парламенце», — сказаў Дональд Туск у інтэрв'ю Gazete Wyborczej.

У Канстытуцыі Польшчы гаворыцца, што толькі Нацыянальны банк краіны можа выдаваць нацыянальную валюту. У выпадку ўваходжання ў зону еўра, гэтая роля павінна быць перададзена Цэнтральнаму банку. Такім чынам, трэба ўносіць папраўкі ў асноўны закон краіны.  

Для змены Канстытуцыі звычайнай большасці галасоў недастаткова. Неабходна, каб за гэта прагаласавалі дзве траціны сябраў Сейма.

euroradio.fm