Дзясяткі затрыманых у чаканні пратэстаў у Казахстане

У Казахстане на акцыях пратэсту супраць паправак да Зямельнага кодэксу затрыманыя некалькі дзясяткаў актывістаў, а таксама журналісты шэрагу выданняў, у тым ліку казахстанскай рэдакцыі «Радыё Свабода» і «Новай газеты».

fota_kazahstan.jpg



Несанкцыянаваныя акцыі пратэсту прайшлі ў некалькіх гарадах краіны. Намеснік генеральнага пракурора Андрэй Краўчанка паведаміў журналістам, што акрамя супрацоўнікаў СМІ, якіх пазней адпусцілі, былі затрыманыя каля 40 чалавек.

«Я хачу падкрэсліць, што менавіта пра гэтую колькасць ідзе гаворка, хоць у сетках ужо пачынаюць нейкія інсінуацыі ў дачыненні да 400 — 500 грамадзян. Не, гэта не так», — кажа Краўчанка.

«Гэтыя людзі, нягледзячы на тое, што яны пэўна ведалі пра адсутнасць дазволаў на мітынг, працягвалі актыўныя дзеянні па яго арганізацыі»,

— дадаў ён.

Увогуле, па інфармацыі паліцыі, масавых затрыманняў падчас мітынгаў не было. Яшчэ да пачатку акцыі паведамлялася, што ў Карагандзе на адной з плошчаў затрыманы 22-гадовы мужчына, які рыхтаваўся ўдзельнічаць у мітынгу.

За апошнія тыдні ў Казахстане прайшла хваля пратэстаў супраць змяненняў у Зямельны кодэкс. У трох гарадах краіны Атырау, Актобе (Акцюбінск) і Семей (Сяміпалацінск) людзі выйшлі на вуліцы, патрабуючы не аддаваць зямлю ў арэнду замежнікам.

Паводле ацэнак назіральнікаў, у кожным з гарадоў у мітынгах прынялі ўдзел ад 1000 да 2000 чалавек, што з'яўляецца вельмі рэдкай з'явай для краіны, дзе пераследуюць за публічную крытыку дзяржаўнай палітыкі.

У апошні раз, калі ў Казахстане была акцыя пратэсту такога маштабу, паліцыя адкрыла агонь па дэманстрантах. Па афіцыйных дадзеных, 14 чалавек тады загінулі. Гэта было ў 2011 годзе, калі нафтавікі арганізавалі забастоўку ў горадзе Жанаозен.


Паводле BBC