Эксперт: Расія разбурае падмуркі альянсу з Кітаем
Пераход Расіі да перагляду межаў разбурае асновы яе альянсу з Кітаем. Пра гэта ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» заявіў палітолаг, прафесар універсітэта Бэйлор Сяргей Кудзеля.

«Да апошняга часу Расія гуляла ролю кансерватыўнай дзяржавы, якая спрабавала захаваць правапарадак у свеце і пазбегнуць перадзелу межаў. Гэта было асновай яе альянсу з Кітаем, які таксама выступае як дзяржава-кансерватар. Цяпер мы бачым Расію, якая выступае ў якасці рэвізіяніста, краіны, якая спрабуе перакройваць мяжы, прычым не толькі на захадзе, з Украінай. Магчыма, адкрыюцца межы з Казахстанам. Будзе пастаўлена пытанне аб межах з Беларуссю», — адзначыў Сяргей Кудзеля.
На ягоную думку, прынятыя Пуціным рашэнні ўжо прывялі да незваротнай страты ім твару ў свеце:
«На працягу ўсяго прэзідэнцтва Пуціна мы бачылі, што рэпутацыя Расіі як міжнароднага „цяжкавагавіка“ і глабальнай супердзяржавы для яго надзвычай важныя. Фактычна, яго задачай было вярнуць Расіі вагу на сусветнай арэне».
Эксперт лічыць, што Захаду важна растлумачыць Пуціну: атрымліваючы Крым у склад Расіі, ён тым самым нівелюе ўсе 14-гадовыя спробы ператварыць Расію ў глабальнага гульца.
На думку Сяргея Кудзелі, цяпер эмацыйны стан Пуціна можа перашкаджаць яму зразумець усе страты, звязаныя з анексіяй Крыму.