ЕС перасёк адзнаку ў 100 млн. прышчэпак ад каронавіруса

У краінах ЕС зрабілі ўжо больш за 100 млн. прышчэпак ад каронавіруса. Пра гэта абвясціла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

1647_65203.jpg


«Сёння мы перасеклі адзнаку ў 100 млн. прышчэпак у Еўрасаюзе. Гэта дасягненне, якім можна ганарыцца», — цытуе старшыні Еўракамісіі АФН.

Паводле яе слоў, Еўракамісія дамовілася з кампаніямі «BioNTech-Pfizer» яшчэ аб адным паскарэнні паставак вакцыны ў ЕС.

«Дастаўка 50 млн. доз будзе паскорана да другога квартала, пачынаючы з красавіка. Гэта павелічэнне на 25%, пасля якога колькасць доз "BioNTech-Pfizer" ў другім квартале дасягне 250 млн.», — паведаміла Урсула фон дэр Ляен.

Акрамя таго, распавяла яна, ЕС пачынае перамовы з кампаніяй аб трэцім кантракце, які прадугледжвае набыццё яшчэ 1,8 мільярда доз вакцыны ў 2021-2023 гадах.

Паводле даных Еўрапейскага цэнтра кантролю і папярэджання захворванняў, прышчэпкі першай дозай атрымалі ўжо 19,4% дарослага насельніцтва краін ЕС і Еўрапейскай эканамічнай зоны, і 7,5% — абедзвюма дозамі.

Самыя высокія паказчыкі вакцынацыі — у Венгрыі (першай дозай — больш за 35%), але яе сітуацыя выключная: гэта адзіная краіна ЕС, якая выкарыстоўвае вакцыны, не зацверджаныя еўрапейскім рэгулятарам.

Сярод астатніх краін самыя высокія паказчыкі прышчэпкі першай дозай — у Фінляндыі і Эстоніі. Больш за ўсё адстаюць Латвія і Балгарыя, дзе толькі першую дозу атрымалі каля 8% насельніцтва.