ЕС прыме меры, каб не пусціць на свой рынак энергію з БелАЭС

Лідары Еўрасаюза на саміце ў Брусэлі папрасілі Еўракамісію вывучыць магчымыя меры па прадухіленні імпарту электраэнергіі з Беларускай АЭС.

55529757_303.jpg


Лідары краін Еўрасаюза далі Еўракамісіі заданне вывучыць магчымасць не дапусціць імпарт электраэнергіі, што выпрацоўваецца Беларускай АЭС у Астраўцы. Гэта вынікае з камюніке Еўрапейскага савета, прынятага на саміце ЕС у Брусэлі ў пятніцу, 11 снежня, паведамляе dw.com.
"Еўрапейскі савет падкрэслівае важнасць забеспячэння ядзернай бяспекі Беларускай атамнага электрастанцыі ў Астраўцы і просіць Еўракамісію вывучыць магчымыя меры па прадухіленні камерцыйнага імпарту электрычнасці з ядзерных аб'ектаў у трэціх краінах, якія не адпавядаюць прызнанаму ў ЕС узроўню бяспекі", — гаворыцца ў камюніке саміту.
Нагадаем, што пасля таго, як у лістападзе БелАЭС падключылі да электрычнай сеткі Беларусі, Літва спыніла камерцыйны імпарт электраэнергіі з нашай краіны. Вільня таксама дамовілася з Латвіяй і Эстоніяй аб тым, што яны таксама не будуць імпартаваць беларускую электрычнасць.
У Літве БелАЭС лічаць небяспечнай, у першую чаргу з-за яе месцазнаходжання каля мяжы паміж дзвюма краінамі і ў 50 кіламетрах ад Вільні. Улады Беларусі сцвярджаюць, што АЭС у Астраўцы адпавядае стандартам бяспекі. Зрэшты, пакуль няма пацверджання, ці выканаў Мінск усе рэкамендацыі Еўрапейскай групы па рэгуляванні ядзернай бяспекі (ENSREG).