Еўрапейская кінаакадэмія заклікала ўвесь свет садзейнічаць вызваленню Сянцова
Еўрапейская кінаакадэмія заклікала грамадзян усяго свету спрыяць вызваленню ўкраінскага рэжысёра, палітвязня Алега Сянцова, які абвясціў бестэрміновую галадоўку.

Пра гэта гаворыцца ў звароце, апублікаваным на афіцыйным сайце арганізацыі, паведамляе hromadske.ua.
«Сёння дванаццаты дзень бестэрміновай галадоўкі ўкраінскага кінарэжысёра Алега Сянцова, і, па словах яго адваката Дзмітрыя Дінзе, ён плануе працягваць галадоўку да самай сваёй смерці, калі яго патрабаванні не будуць выкананыя ... Мы глыбока занепакоеныя, таму яшчэ раз патрабуем забяспечыць яго бяспеку і неадкладна і безумоўна яго вызваліць», — адзначаецца ў звароце.
«Калі ласка, дапамажыце нам выратаваць яго — звярніцеся да свайго міністра замежных спраў, вашага дэпутата або ў амбасаду Расіі ў вашай краіне і папрасіце іх зрабіць усё магчымае для вызвалення Алега Сянцова! Мы павінны дзейнічаць зараз!» — гаворыцца ў лісце, які падпісалі Агнешка Холанд і Вім Вендэрс.
Лісты ўжо падпісалі вядомыя рэжысёры, прадзюсары, акцёры і актывісты, сярод якіх — Кен Лоўч, Стывен Долдры, Кшыштаф Занусі, Даніэль Альбрыхскі, а таксама 1750 іншых членаў і сяброў еўрапейскай кінасупольнасці і іншых арганізацый, у тым ліку Федэрацыя еўрапейскіх кінарэжысёраў FERA, PEN America, Еўрапейскі клуб прадзюсараў (EPC), Гільдыя рэжысёраў Францыі (SRF), шматлікія нацыянальныя акадэміі, у прыватнасці Украінскія кінаакадэмія (UFA), а таксама Саюз кінематаграфістаў Украіны.
Далучыцца да звароту можа кожны. узор ліста — на сайце Еўрапейскай кінаакадэміі, а таксама Украінскай кінаакадэміі, якая распаўсюдзіла гэты зварот.
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў незаконна асуджаны ў РФ да 20 гадоў калоніі 14 траўня абвясціў галадоўку. Ён патрабуе вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў Крамля.