Еўрапейская народная партыя апублікавала свой санкцыйны спіс па Беларусі
Найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя — апублікавала свой спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх лічыць неабходным увесці санкцыі.
Як адзначаецца на сайце фракцыі ЕНП, у спіс увайшлі асобы «датычныя да фальсіфікацый выбараў, катаванняў і гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў».
«Спіс з’яўляецца напамінам тым, хто хоча здзейсніць злачынства, што яны не могуць спадзявацца застацца ананімнымі. Мы будзем настойваць на прыцягненні іх да адказнасці» — гаворыцца ў паведамленні, перадае АФН са спасылкай на БелаПАН.
На думку фракцыі ЕНП, названыя асобы павінны быць унесены ў санкцыйны спіс ЕЗ.
У апублікаваным спісе 86 прозвішчаў, сярод якіх Аляксандр і Віктар Лукашэнкі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, дзяржсакратар Савета бяспекі Валерый Вакульчык, старшыня КДБ Іван Церцель, галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, супрацоўнік тэлеканала СТВ Рыгор Азаронак, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікі МУС, чальцы Цэнтрвыбаркама, суддзі, міністры.
Частка пералічаных у спісе ЕНП асоб ужо знаходзяцца ў санкцыйным спісе, які Еўрасаюз прыняў 2 кастрычніка. Туды ўвайшло кіраўніцтва МУС, АМАП, КДБ і Цэнтрвыбаркама.