Фотарэпартаж з Харкава нашага карэспандэнта Дзмітрыя Галко
Падчас правядзення двух мітынгаў — за федэратыўную Украіну і за непадзельную Украіну — карэспандэнт "Новага Часу" Дзмітры Галко знаходзіўся на месцы падзеяў у Харкаве. Аператыўныя фотаздымкі можна адсочваць на асабістай старонцы журналіста ў Фэйсбуку.
Прарасійскія мітынгоўцы напалі на еўрамайданаўцаў ў Харкаве. Гучалі стрэлы, ёсць пацярпелыя.
Людзі зь бітамі і георгіеўскімі стужкамі напалі на прыхільнікаў адзінай Украіны каля помніка Шаўчэнкі ў Харкаве.
Пасля заканчэння народнага веча частка «еўрамайданаўцаў» накіравалася на плошчу Свабоды, людзі неслі нацыянальныя сцягі, плакаты «Не — сепаратызму»,
«Ганьба здраднікам», «Украіна перш за ўсё».
Уздоўж вуліцы Сумскай ад помніка да опэрнага тэатра стаяла ачапленне праваахоўнікаў і актывістаў. Прарасійска настроеныя ўдзельнікі іншага мітынгу праходзілі з плошчы Свабоды. Яны крычалі:
«Расея, Украіна, Беларусь», «Фашысты не пройдуць». У некаторых актывістаў былі закрытыя твары.
Калі актывісты Майдану разыходзіліся, некалькі сотняў маладых людзей з розных бакоў напалі на ўдзельнікаў акцыі.
Па словах відавочцаў, кардон міліцыі з аднаго бакі не дазволіў сепаратыстам наблізіцца да мітынгоўцаў, але ім удалося напасці з боку парку Шаўчэнкі.
Відавочцы таксама сцьвярджаюць, што людзей, якія паспрабавалі схавацца ў метро, дагналі і збілі. Разам з тым, жанчыны з георгіеўскімі стужачкамі спрабавалі дабіваць збітых з крыкамі
«гэта нелюдзі».
Інфармацыя "Радыё Свабода"