Францыя. Паводка ў Парыжы
Паводка ў Парыжы павінна дасягнуць піку ў пятніцу, узровень вады ў Сене, як чакаецца, падымецца на 6 метраў вышэй, чым звычайна.
У 26 дэпартаментах Францыі, у тым ліку ў Парыжы, абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Ахвярамі паводак у Францыі і Германіі ўжо сталі сама меней 11 чалавек, тысячы вымушаныя пакінуць свае дамы, паведамляе ВВС.
На выхадныя сіноптыкі абяцаюць новыя праліўныя дажджы па ўсёй цэнтральнай Еўропе — ад Францыі да Украіны.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў, што ў найбольш пацярпелых ад праліўнога дажджу раёнах краіны будзе абвешчана надзвычайнае становішча. Гэтая мера дапаможа аказаць экстранную фінансавую дапамогу найбольш пацярпелым гарадам.
З-за моцных дажджоў у Францыі 31 мая адмянілі матчы чэмпіянату па тэнісе. Ліўні на поўначы і ў цэнтральнай частцы краіны не спыняліся некалькі дзён. Ніжнія набярэжныя Парыжу знаходзяцца пад вадой, павялічылася колькасць коркаў на дарогах, затопленыя шляхі электрычак, спыніўся RER C.
Сусветна вядомыя музеі Луўр і Орсэ зачыненыя, а іх супрацоўнікі занятыя пераносам экспанатаў. Музей Орсэ ўчора адмяніў усе вечаровыя наведванні. Луўр рызыкуе тым, што будуць затопленыя яго падвалы. Нават калі экспанаты ўратуюць (кіраўнікі музея запэўніваюць, што гатовыя да любога развіцця падзей, і за 72 гадзіны Луўр можа быць эвакуіраваны), давядзецца доўга наводзіць парадак з камунікацыямі, ліфтамі, падземнымі тунелямі, якія абслугоўваюць выставачныя залы, паведамляе "Камерсант". Уначы ў Луўры пачалі пераносіць 150 тысяч экспанатаў з падвалаў і з цокальных паверхаў на верхнія ўзроўні.
Каля скульптуры зуава з моста Альма сабраліся здымачныя групы. Усе ведаюць, што па гэтай фігуры парыжане вызначаюць, ці пачалася паводка, — глядзяць, ці вада закране ногі. Учора зуаў стаяў у рацэ па калена. За апошнія чатыры дні вада ў Сене паднялася на чатыры метры.
Прэфектура паліцыі Парыжа абвясціла трывогу, папярэдзіўшы, што ў пятніцу, 3 чэрвеня, узровень вады можа падняцца да шасці метраў. Аднак гэта яшчэ не пагражае гораду патопам, ён пачнецца з 7,3 метра. Усе прыгадваюць разбуральную паводку 1910 года, якая паставіла рэкорд у 8,6 метра. Парыжскі зуаў у тыя дні схаваўся ў вадзе па плечы.
Але зараз метэаролагі не чакаюць паўтарэння таго, што здарылася 105 гадоў таму. Парыжан супакойваюць: хутчэй за ўсё, пятніца стане самым «высокім» днём, а потым рака паступова адступіць.