Футболу не будзе?
Забойства лідэра паўднёваафрыканскіх расістаў напружыла сітуацыю ў краіне. Ходзяць нават чуткі, што Паўднёвую Афрыку могуць пазбавіць права праводзіць гэтым летам чэмпіянат свету па футболу.
Забойства лідэра паўднёваафрыканскіх расістаў напружыла сітуацыю ў краіне. Ходзяць нават чуткі, што Паўднёвую Афрыку могуць пазбавіць права праводзіць гэтым летам чэмпіянат свету па
футболу.
У 1993 годзе Крыс Хані, адзін з самых папулярных лідэраў Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу (ANC), быў забіты чалавекам, блізкім да Руху супраціву афрыканераў (AWB), які заснаваў Юджын Тэрбланш.
Чарнаскурая камуна была гатовая ўзяцца за зброю. Сітуацыю разрадзіў выступ тагачаснага прэзідэнта Нельсана Мандэлы. Ён звярнуўся да нацыі з заклікам захаваць міжрасавы і грамадзянскі мір.
На мінулым тыдні з падобнай заявай выступіў цяперашні прэзідэнт Джэйкаб Зума. Прычынай стала таксама забойства. Аднак на гэты раз забілі белага. Нябожчыкам аказаўся той самы Юджын Тэрбланш.
На першы погляд, тое, што адбылося на ферме Тэрбланша (прыкладна 100 кіламетраў на ўсход ад Ёханесбурга), далёка ад любой палітыкі. Юджын папросту мала заплаціў двум чарнаскурым батракам, якія
працавалі ў яго на ферме. Хацеў, па іх словах, даць ім 300 рандаў (мясцовая валюта), хаця мінімалка ў Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР) складае 1600 рандаў. Пачалася спрэчка. Падчас яе ў двух
хлопцаў не вытрымалі нервы. Яны выцягнулі нажы і літаральна спаласавалі імі цела 69-гадовага Юджына.
Але гэты інцыдэнт меў вельмі маштабныя наступствы. Пад пагрозай аказалася правядзенне гэтым летам самага буйнага спартовага мерапрыемства года — чэмпіянату свету па футболу.
Найперш таму, што абвясцілі мабілізацыю палітычныя паплечнікі Юджына. Юджын Тэрбланш быў адным з гістарычных лідэраў афрыканерскага нацыяналізму. Афрыканеры, або буры, — патомкі галандскіх
каланізатараў, якія прыплылі ў Паўднёвую Афрыку ў ХVII стагоддзі. Дзяржавы бураў былі ўключаны ў склад Брытанскай Імперыі ў выніку г. зв. бурскіх войнаў. З часам пасля таго, як Лондан надаў краю
статус дамініёну, буры аднавілі свае пазіцыі ў грамадстве.
Аднак былі дзівакі, якія лічылі, што жыццё ў адной дзяржаве з нашчадкамі брытанскіх каланістаў супярэчыць канонам афрыканерскага нацыяналізму. Яны выступалі за стварэнне асобнай Бурскай Дзяржавы
— Boerestaat. Да іх належаў і Юджын — былы паліцэйскі афіцэр. У 1973 годзе ён палічыў, што рэжым Апартэіду занадта ліберальны, і стварыў Рух афрыканерскага супраціву. За гады
дзейнасці рух зарэкамендаваў сябе як паслядоўная правая экстрэмісцкая групоўка, чыя дактрына грунтуецца на ідэях чыстага расізму. У часы Апартэіду сябры AWB займаліся тым, што дапамагалі паліцыі
разганяць пратэсты чарнаскурых.
Цяжка назваць нябожчыка адэкватным палітыкам. Рух афрыканерскага супраціву выкарыстоўваў у якасці сімволікі нацысцкія сімвалы. Сам Юджын любіў з’яўляцца на партыйных мерапрыемствах на кані.
Такім чынам, па яго словах, ён аддае знак пашаны бурам — героям вайны супраць Вялікабрытаніі. У 2001 годзе Юджын трапіў на 3 гады ў турму за тое, што амаль да смерці збіў чарнаскурага
ахоўніка.
Зразумела, што з улікам маштабнасці фігуры Юджына сябры AWB, нават калі б той памёр ад удару маланкі, западозрылі нешта нядобрае. У нашым выпадку, на іх думку, забойства было палітычным. Забойцы
дзейнічалі свядома, таму што… наслухаліся песняў. Маецца на ўвазе песня «Забей бура», якая не так даўно была абвешчаная партыйным гімнам Моладзевай лігі ANC.
Дзіўныя музыкальныя густы Моладзевай лігі ANC не спадабаліся апазіцыйным партыям і шэрагу няўрадавых арганізацый. Яны дабіліся праз суд забароны выканання песні. Аднак, як сцвярджаюць афрыканеры,
— джын ужо выпушчаны. Амаль уся чарнаскурая моладзь ахопленая ідэяй забіць белага чалавека.
Акрамя таго, не выключана, што паплечнікі Тэрбланша могуць паспрабаваць адпомсціць за смерць свайго лідэра. Эксперты вельмі скептычна разглядаюць магчымасць буйных мілітарных акцый з боку правых
экстрэмістаў. Пасля 1994 года іхнія структуры страцілі сваю моц. Аднак забіць якога-небудзь папулярнага чарнаскурага палітыка яны здольныя. Гэтага будзе дастаткова, каб справакаваць расавыя
пагромы.
Аднак ёсць значна большая праблема. Смерць прымусіла грамадства згадаць змрочную статыстыку. Кожны дзень у ПАР ад рук злачынцаў з чорнай скурай паміраюць 50 белых грамадзян. Галоўным чынам гэта
адбываецца падчас нападаў на белых фермераў у правінцыі. Сітуацыя тут вельмі складаная. Яшчэ ў 1999 годзе Нэльсан Мандэла быў вымушаны правесці спецыяльнае пасяджэнне ўраду па пытанню атак
чарнаскурай беднаты на белых плантатараў. У асяроддзі белых жыхароў ПАР папулярны міф пра тое, што тыя напады — частка глабальнага плану Кангрэса па знішчэнню белага фермерства.
Менавіта такім чынам у свой час правялі пераразмеркаванне зямлі з рук белых у рукі чорных у суседняй Зімбабве. Белых фермераў шляхам тэрору папросту прымусілі сабраць манаткі і з’ехаць са
сваіх зямель. Сімвалічна, што за месяц да гучнага забойства апазіцыя зрабіла заяву пра тое, што выступы Юліуса Малемы, лідэра Моладзевай лігі правячай партыі ANC, правакуюць сельскую чарнаскурую
моладзь на гвалт супраць белых фермераў.
Зрэшты, Малема на мінулым тыдні быў прыняты ў Харарэ зімбабвійскім дыктатарам Роберам Мугабе і выказаў захапленне ягонай аграрнай рэформай. Ён таксама назваў 9 мільёнаў белых, якія жывуць цяпер у
ПАР, прычынай усіх сацыяльных праблем.
На цяперашні час сітуацыя застаецца вельмі нестабільнай. Усе лідэры бурскіх партый, у тым ліку партыі Дэмакратычны альянс, пераклалі адказнасць за забойства на арганізацыю Малемы. Між тым, да пачатку
футбольнага чэмпіянату засталося два месяцы. Аднак нават калі зараз мір атрымаецца захаваць, няма ніякіх гарантый, што канфлікт не выбухне ў чэрвені, калі ў ПАР прыедуць дзесяткі тысяч белых
турыстаў, сярод якіх будзе шмат агрэсіўных футбольных фанатаў.