Галандскае следства завяршыла работы на месцы крушэння малайзійскага Boeing на ўсходзе Украіны
Атрыманую інфармацыю эксперты вывучаць у Нідэрландах, каб вызначыць прычыны крушэння самалёта.
Апошнія следчыя дзеянні галандскіх экспертаў на Данбасе былі звязаныя з узяццем пробаў глебы ў некалькіх месцах, правядзеннем тэхнічных даследаванняў, каб вызначыць месцазнаходжанне вышак сотавай сувязі і праверыць працы тэлефонных сетак на ўсходзе Украіны.
Пры гэтым у пракуратуры Нідэрландаў падкрэслілі, што місія не атрымала доступ да працы ў Луганскай вобласці, паведамляе РБК.
Нідэрланды хочуць ініцыяваць стварэнне міжнароднага трыбунала пры ААН для судовага пераследу асоб, якія маюць дачыненне да крушэння малайзійскага Boeing у Данбасе. У Расіі гэтая ініцыятыва выклікала адмоўную рэакцыю.
Пракуроры Нідэрландаў заявілі, што не плануюць публікаваць абвінаваўчыя акты да таго, як Савет па бяспецы краіны выпусціць справаздачу пра расследаванне крушэння лайнера. Яго абнародаванне запланавана на кастрычнік.
Лайнер Boeing 777 авіякампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур разбіўся 17 ліпеня 2014 года побач з пасёлкам Грабава ў Данецкай вобласці. На борце знаходзіліся 283 пасажыры і 15 членаў экіпажа, усе яны загінулі.
У сакавіку паліцыя Нідэрландаў апублікавала інфармацыю па справе аб збітым Boeing. Гэта версія групы следчых, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Нідэрландаў і Украіны. У якасці адной з версій прычын катастрофы следства разглядае ўдар з зенітна-ракетнага комплексу «Бук» з тэрыторыі, кантраляванай апалчэнцамі.