Ганконг афіцыйна адклікаў законапраект, які выклікаў масавыя пратэсты

Улады Ганконгу афіцыйна адклікалі законапраект аб экстрадыцыі правапарушальнікаў, якія падазраюцца ў крымінальных злачынствах, на мацерыковы Кітай. Пра гэта заявіў міністр бяспекі аўтаноміі Джон Лі, перадае Свабода.

GETTY IMAGES

GETTY IMAGES

У пачатку лета дакумент выклікаў шматлікія пратэсты жыхароў Ганконгу. Крытыкі дакумента казалі, што ён мог быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасуддзя дысідэнтаў і несправядліва пераследаваных людзей.
Дэманстрацыі выліліся ў масавы рух з патрабаваннем дэмакратычных пераўтварэнняў. Адміністрацыя Ганконгу неаднаразова абвяшчала пра адмову ад законапраекту. Аднак пратэстоўцы сталі патрабаваць афіцыйна адклікаць дакумент і працягнулі маршы пад лозунгамі абароны суверэнітэту Ганконга ад дамаганняў Кітая.
За месяцы пратэстаў на вуліцах горада неаднаразова ўзнікалі сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыянты ўжывалі сілу для разгону актывістаў і адзін раз выкарысталі агнястрэльную зброю. Раненне атрымаў адзін чалавек. Тысячы ўдзельнікаў акцый атрымалі лёгкія раненні і траўмы, а больш за дзве з паловай тысячы былі арыштаваны. Іх вызваленне з'яўляецца адным з патрабаванняў пратэстоўцаў да ўладаў.
Экстрадыцыя з Ганконгу цяпер магчымая толькі на падставе дамоваў, якія былі заключаны яшчэ да пераходу гораду пад юрысдыкцыю КНР. Ганконг, які доўгі час быў брытанскай тэрыторыяй, перайшоў пад суверэнітэт Кітая ў 1997 годзе. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў рамках мадэлі «Адна краіна — дзве сістэмы» да 2047 года.
svaboda.org