Германія аштрафавала Telegram на 5 мільёнаў долараў

У Германіі лічаць, што Telegram становіцца «сродкам радыкалізацыі і пераследу».

t_1589552280_640x320.jpg


Германія абвясціла сёння, што выпісвае штраф у памеры 5,125 мільёна еўра (5 мільёнаў долараў) супраць аператараў дадатку для абмену паведамленнямі Telegram за невыкананне нямецкага заканадаўства, піша агенцтва «Associated Press».
Федэральнае ўпраўленне юстыцыі заявіла, што Telegram FZ-LLC не ўсталяваў законны спосаб паведамлення пра недазволены кантэнт і не назваў юрыдычную асобу ў Германіі для атрымання афіцыйнага паведамлення. І тое, і іншае патрабуецца ў адпаведнасці з нямецкімі законамі, якія рэгулююць буйныя анлайн-платформы.
Нямецкія афіцыйныя асобы заявілі, што яны неаднаразова спрабавалі адправіць дакументы ў офіс кампаніі ў Дубай, але безвынікова. Юрыдычная фірма, якая базуецца ў Германіі і прадстаўляе Telegram, заявіла германскім уладам пра сваё прадстаўніцтва, але гэтага аказалася недастаткова, каб прадухіліць накладанне штрафаў.
Федэральная паліцыя Германіі раней сёлета папярэдзіла, што дадатак становіцца «сродкам радыкалізацыі», які некаторыя выкарыстоўваюць для пераследу палітыкаў, навукоўцаў і лекараў за іх ролю ў барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Раней кампанію ўжо папярэджвалі пра магчымае блакаванне на тэрыторыі Германіі. У якасці прычыны чыноўнікі спасылаліся на асабліва часта выкарыстанне месенджара «правымі экстрэмістамі і прыхільнікамі тэорый змовы для мабілізацыі сіл і рэсурсаў».  «Аператары службаў абмену паведамленнямі і сацыяльных сетак нясуць асаблівую адказнасць за дзеянні супраць падбухторвання да нянавісці і гвалту на сваіх платформах, — гаворыцца ў заяве міністра юстыцыі Марка Бушмана. — Гэтых юрыдычных патрабаванняў і гэтай адказнасці нельга пазбегнуць, спрабуючы быць недасягальным».
Штраф, накладзены на Telegram германскім судом, можа быць абскарджаны.