Хілары Клінтан абвінаваціла дырэктара ФБР у сваёй паразе на выбарах

Падчас тэлефоннай канферэнцыі з асноўнымі донарамі сваёй перадвыбарчай кампаніі Хілары Клінтан абвінаваціла дырэктара ФБР Джэймса Комі ў яе нечаканай паразе на прэзідэнцкіх выбарах.

Здымак Reuters

Здымак Reuters


На яе думку, само з'яўленне лістоў Джэймса Комі Кангрэсу нанесла непапраўную палітычную шкоду, перадае The Washington Post.
Амаль кожнае нацыянальнае апытанне грамадскай думкі перад днём галасавання называла спадарыню Клінтан упэўненым фаварытам. Аднак перамог рэспубліканец Дональд Трамп, шакаваўшы многіх па ўсёй краіне і выклікаўшы масавыя пратэсты. Клінтан не з'яўлялася на публіцы пасля таго, як выступіла з прызнаннем паразы ў сераду раніцай.
У ходзе тэлефоннай размовы са сваімі прыхільнікамі Клінтан заявіла, што яе кампанія і Дэмакратычная партыя сабралі 900 мільёнаў долараў пры дапамозе больш чым 3-х мільёнаў індывідуальных донараў.
Клінтан сказала, што ў яе паразе вінаваты Комі, які за лічаныя дні да выбараў вырашыў даслаць у Кангрэс ліст, у якім паведаміў, што аднаўляе расследаванне па пытанні электроннай перапіскі Клінтан на пасадзе дзяржсакратара з 2009 па 2012 год.
«Ёсць шмат прычын, з-за якіх гэтыя выбары не былі паспяховымі. Але наш аналіз паказаў, што ліст Комі выклікаў сумневы, якія былі неабгрунтаванымі, беспадстаўнымі і прывялі да спынення нашага руху», — заявіла Хілары Клінтан. Паводле яе словаў, да ліста дырэктара ФБР, «вецер літаральна дзьмуў у ветразі».
Праз тыдзень Джэймс Комі абвесціў, што ён вывучыў перапіску і па-ранейшаму лічыць, што Клінтан не трэба прыцягваць да адказнасці, але палітычная шкода ўжо была нанесена.
Клінтан сказала донарам, што Трампу ўдалося выкарыстаць абедзьве заявы кіраўніка ФБР для нападак на яе.
Паводле «Радыё Свабода»