Германія. Былыя камуністы ГДР увойдуць у нямецкі ўрад?
Хільда Матхайс, адзін кіраўнікоў нямецкіх сацыял-дэмакратаў, дала разумець, што яе партыя разглядае варыянт стварэння ўрадавай кааліцыі з удзелам партыі «Левыя».
Хільда Матхайс. Фота: www.augsburger-allgemeine.de
Партыя «Левыя» была створаная з удзелам былых камуністаў Усходняй Германіі, і таму ідэя яе ўваходу ў федэральны ўрад яшчэ ўчора лічылася чымсьці амаральным. Аднак цяпер, здаецца, эсдэкі не супраць, калі па выніках восеньскіх федэральных выбараў будзе сфармаваны кабінет, куды акрамя сацыял-дэмакратаў і Зялёных увойдуць і экс-камуністы.
На такі крок эсдэкаў штурхае кепскі рэйтынг (23 працэнты). Такім чынам, першапачатковая ідэя стварыць кабінет разам з эколагамі (яны маюць 12–13 працэнтаў падтрымкі) усё больш ілюзорная з-за відавочнай адсутнасці ў будучым парламенце дэпутацкай большасці. Аднак дэфіцыт галасоў могуць кампенсаваць «Левыя», за якіх гатовыя галасаваць каля 8–9 працэнтаў выбаршчыкаў.
Пакуль ідэя з’яўленя ўраду з удзелам экс-камуністаў выглядае трошкі экстравагантнай, аднак трэба быць гатовымі да ўсяго. Сацыял-дэмакраты ўпарта не жадаюць уваходзіць у склад т.зв. шырокай кааліцыі з хрысціянскімі дэмакратамі Ангелы Меркель. А адзіная альтэрнатыва шырокай кааліцыі — раман з былымі камуністамі ГДР або захаванне цяперашняга статусу апазіцыйнай партыі. Праўда, ёсць адна дэталь: не вядома, ці Зялёныя, сярод якіх шмат былых дысідэнтаў ГДР, пагодзяцца быць урадавымі партнёрамі экс-камуністаў. Апошнім часам шмат кажуць пра тое, што яны могуць знайсці агульную мову з Ангелай Меркель.
Паводле нямецкай прэсы