Германія. Пеер Штайнбрук перамог Ангелу Меркель
Кандыдат сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі на пасаду канцлера на вераснёўскіх парламенцкіх выбарах, на думку большасці назіральнікаў і гледачоў, перамог Ангелу Меркель у тэледуэлі, якая адбылася 1 верасня.
Ён выглядаў больш чалавечна, іранізаваў, больш дакладна і лагічна раскрываў тэмы, паводзіў сябе вельмі карэктна, калі крытыкаваў суперніка.
Перамога Пеера выклікала прыступ эйфарыі і надзеі сярод тых, хто верыць, што эсдэкі і іх саюзнікі Зялёныя будуць здольныя сфармаваць урад. А сацыял-дэмакраты нават заявілі, што ў кампаніі адбыўся паварот (раней рэйтынг Штайнбрука толькі падаў).
Сапраўды, часу да выбараў (яны адбудуцца 22 верасня), яшчэ хапае. У дадатак 19 працэнтаў выбаршчыкаў яшчэ не вызначыліся, за каго галасаваць, што патэнцыйна дае эсдэкам шанец скараціць разрыў з кансерватарамі (у партыі Меркель напярэдадні дуэлі было 40 працэнтаў, а ў сацыял-дэмакратаў — 23).
Між тым, 4 верасня агенцтва «Forsa» апублікавала свежыя дадзеныя. Паводле іх, перамога Штайнбрука на дуэлі ніяк не паўплывала на агульныя трэнды. Рэйтынг яго партыі па-ранейшаму не выходзіць за ўзровень 25 працэнтаў. Затое чамусьці дэбаты выклікалі інтарэс да партыі еўраскептыкаў «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD). Папулярнасць AfD праз дзень пасля тэледуэлі вырасла з 3 да 4 працэнтаў (прахадны бал у парламент складае 5 працэнтаў).