Германскі правы палітык заклікае страляць па мігрантах
Фраўке Петры лічыць, што закон патрабуе пры неабходнасці ўжываць зброю супраць нелегальных мігрантаў.
Фраўке Петры. Фота AFP
Старшыня правай партыі еўраскептыкаў "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) Фраўке Петры заявіла, што германская паліцыя ў выпадку неабходнасці павінна адкрываць агонь па мігрантах, якія спрабуюць нелегальна патрапіць у краіну.
У інтэрв'ю газеце "Mannheimer Morgen" Петры падкрэсліла, што паліцыя павінна спыніць паток мігрантаў, якія спрабуюць пранікнуць у з Аўстрыі, і прымяненне зброі ў крайніх выпадках — гэта патрабаванне закона. "Я не хачу, каб так адбывалася, але прымяненне зброі — гэта крайняя мера", — сказала яна.
Гэтыя словы Петры выклікалі асуджэнне з боку германскіх палітыкаў левага кшталту, а таксама прадстаўнікоў паліцыі.
Па афіцыйных дадзеных, за мінулы год у Германію прыбыло больш як 1,1 мільёна мігрантаў — у асноўным з краін Блізкага Усходу і паўночнай Афрыкі.
Канцлер Германіі Ангела Меркель у суботу заявіла, што большасць бежанцаў з Сірыі і Іраку будуць адпраўленыя дадому, калі ў іх краінах спыняцца узброеныя канфлікты.
"Радыкальныя ідэі"
Паліцыя павінна спыніць мігрантаў, якія незаконна перасякаюць аўстрыйскую мяжу, і "пры неабходнасці" адкрываць агонь, сказала Петры ў інтэрв'ю. "Гэтага патрабуе закон", — дадала палітык.
Вядомы германскі левацэнтрысцкі палітык, чалец Сацыял-дэмакратычнай партыі Томас Оперман у адказ заявіў, што "апошнім германскім лідарам, пры якім па мігрантах адкрывалі агонь, быў Эрых Хонэкер".
Лідара ГДР Эрыка Хонэкера многія лічаць адказным за гібель людзей, якія спрабавалі перасекчы Берлінскую сцяну.
Германскі Прафсаюз паліцыі выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што паліцыянты не будуць страляць па людзях.
У ім гаворыцца, што такія выказванні з'яўляюцца выяўленнем "радыкальных і антыгуманных ідэй".
Паводле www.bbc.com