Грамадзянін Сноўдэн
Эдвард Сноўдэн, 29-гадовы супрацоўнік амерыканскай кампаніі Booz Allen Hamilton, наўпрост заявіў у інтэрв'ю The Guardian, што гэта ён перадаў у распараджэнне журналістаў дакументы, якія сведчаць аб ледзь не бязмежным доступе амерыканскага Агенцтва нацыянальнай бяспекі да званкоў і электронных дадзеных амерыканцаў.
Эдвард Сноўдэн
У нядзелю ўвечары The Guardian раскрыла імя інфарматара з яго поўнай згоды. Сноўдэн настойвае, што дзейнічаў свядома, у інтарэсах сваёй краіны, якую лічыць
дэмакратычнай, і ў інтарэсах дэмакратыі як такой. Яго далейшы лёс пакажа, наколькі жыццяздольная ідэя дэмакратыі ў сучасных умовах і якую ролю
ў яе лёсе можа адыграць шараговы грамадзянін.
Унутраны канфлікт Эдварда Сноўдэна з урадам сваёй краіны фармаваўся даволі доўга. У 2003 годзе ён запісаўся ў войска і пачаў праходзіць падрыхтоўку для службы ў спецыяльных сілах. Ён шчыра імкнуўся трапіць у Ірак, таму што верыў, што ён, як і любы чалавек, павінен спрыяць вызваленню іншых людзей ад тыраніі. Вера яго пахіснулася хутка: ужо на стадыі ваеннай падрыхтоўкі стала відавочна, што людзей «настройвалі на тое, каб забіваць арабаў, а не на тое, каб каму б там ні было дапамагаць». У ходзе падрыхтоўкі адбыўся няшчасны выпадак, Сноўдэн зламаў абедзьве нагі і быў звольнены.
У далейшым ён працаваў у ахове адной з сакрэтных устаноў Агенцтва нацыянальнай бяспекі пры універсітэце Мэрылэнду, затым атрымаў працу ў ЦРУ ўжо ў якасці спецыяліста па IT-бяспецы, а ў 2007 годзе быў накіраваны пад дыпламатычным прыкрыццём ў Жэневу, дзе займаўся тым жа: забеспячэннем бяспекі камп’ютарных сетак. Паколькі ён быў адміністратарам, у яго меўся доступ да вялізнай колькасці сакрэтнай інфармацыі.
Тым не менш, выпадак, які прымусіў яго задумацца аб правільнасці таго, чым ён займаецца, не меў наўпроставых адносінаў да электронных дадзеных. Па словах Сноўдэна, ён назіраў за тым, як агенты ЦРУ спрабавалі завербаваць швейцарскага банкіра, каб атрымаць доступ да закрытай інфармацыі аб рахунках. Яны зладзілі вечарыну, на якой банкір напіўся, пераканалі яго вяртацца дадому на ўласнай машыне, а калі таго арыштавалі за кіраванне ў п’яным выглядзе, яны дапамаглі яму выйсці з гэтай сітуацыі — пасля чаго супрацоўніцтва было наладжана.
Ад неадкладнага рэагавання Сноўдэна ўтрымлівалі дзве рэчы. Па-першае, тое, што інфармацыя, якой валодае ЦРУ, тычыцца канкрэтных людзей, а не якіх-небудзь сістэм або
прыладаў. Прычыняць шкоду асобным людзям яму не хацелася. Па-другое, яго спыніла абранне Абамы ў 2008 годзе: новы прэзідэнт абяцаў правесці рэформы, якія зрабілі б
раскрыццё сакрэтнай інфармацыі непатрэбным.
У 2009 годзе Эдвард Сноўдэн звольніўся з ЦРУ і атрымаў працу ў прыватнай кампаніі, якая выконвае заказы Агенцтва нацыянальнай бяспекі. У апошні час ён працаваў на кампанію Booz Allen Hamilton на Гаваях і зарабляў каля 200 тысяч даляраў у год. Канчатковае рашэнне перадаць журналістам сакрэтныя дакументы ён прыняў тры тыдні таму. Сноўдэн скапіяваў апошнія паперы і адпрасіўся з працы на два тыдні з прычыны лячэння ад падучай хваробы, якая выявілася ў яго летась. Сяброўцы, з якой ён жыў, ён паведаміў, што едзе на некалькі тыдняў у камандзіроўку, але не сказаў, куды. Паводле яго, яна не здзівілася, таму што з людзьмі, якія працуюць на ЦРУ, такое бывае нярэдка.
20 мая Эдвард Сноўдэн паляцеў у Ганконг, дзе зараз і знаходзіцца. Ён жыве ў гатэлі, з якога нікуды не выходзіць, ежу заказвае наўпрост
у нумар, увесь час глядзіць тэлевізар, сочыць за публікацыямі перададзеных ім матэрыялаў і асабліва за рэакцый на апублікаваныя дакументы з боку
амерыканскай адміністрацыі і заканадаўцаў.
Сноўдэн запрасіў журналістаў Guardian на інтэрв'ю, даведаўшыся, што паліцыянты ўжо двойчы прыходзілі да яго дадому і гутарылі з яго дзяўчынай. Акрамя таго, у пятніцу стала вядома, што амерыканская адміністрацыя, хутчэй за ўсё, пачне крымінальная расследаванне па факце ўцечкі інфармацыі.
Нежаданне хавацца ён абгрунтаваў тым, што не лічыць сябе злачынцам. У той жа час, ведаючы агульную тэндэнцыю медыя і ўладаў да персаналізацыі падобных канфліктаў, ён некалькі разоў падкрэслівае, што справа ідзе не пра яго асабіста, а пра межы дзяржаўнай улады, аб праве грамадства кантраляваць уласны ўрад, аб захаванні асабістых свабодаў грамадзян і права на таямніцу асабістага жыцця.
Сноўдэн разумее, што, хутчэй за ўсё, яго абвінавацяць у садзейнічанні ворагу па законе аб шпіянажы (прынятым у 1917 годзе). Па гэтым жа законе абвінавачванні выстаўляліся двум яго знакамітым папярэднікам: Даніэлю Элсбэргу, які ў 1971 годзе давёў да агульнага ведама дадзеныя, якія тычацца ваенных дзеянняў у В'етнаме, і Брэдлі Мэнінгу, які перадаў сакрэтныя дакументы WikiLeaks. Даніэль Элсбэрг быў у выніку апраўданы, суд на Брэдлі Мэнінгам толькі пачаўся, і ўчынак Эдварда Сноўдэна можа сур’ёзна паўплываць на хаду гэтага працэсу.
Правал праекту WikiLeaks, ахвярай якога стаў Мэнінг, быў абумоўлены ў значнай меры тым, што праект ставіў перад сабой туманныя агульнаанархічныя мэты і акцэнтаваў
ўвагу на ананімнасць зліваў. У вачах Джуліяна Асанджа ўрады ўсяго свету ўяўляюць сабой магутную канспіратыўную сетку, агаленне дзейнасці якой зробіць яе недзеяздольнай. Хто
і што канкрэтна будзе агаляць, пры такім падыходзе зусім ня важна.
Сноўдэн думае роўна процілеглым чынам. Ён перадаў журналістам сакрэтныя дакументы не для таго, каб паралізаваць урады, а каб адкрыць грамадскую дыскусію
аб межах яго кампетэнцыі і праве грамадства кантраляваць дзеянні абранай улады. Калі такі кантроль немагчымы, і доступ да званкоў і перапісцы
грамадзян ўрад атрымлівае па рашэнні сакрэтнага суду, паўстае пытанне аб тым, ці сапраўды ён дзейнічае ў інтарэсах грамадства, якое яго абрала. Пытанне,
пастаўленае Сноўдэнам, гэта пытанне аб грамадскім дабры і захаванні дзеяздольнага, а не разбуральнага праўлення. І ўрад вымушаны будзе
ў ім удзельнічаць па сутнасці, а не толькі з дапамогай крымінальных разглядаў пра крыніцу ўцечкі.
У апошні час — і ў сувязі з WikiLeaks, і ў сувязі з рухам Occupy — шмат кажуць пра
адсутнасць лідарства. Спрачацца з тым, што яно ў гэтых пачынаннях адсутнічае, цяжка, таму асноўныя тэарэтычныя намаганні пускаюць на тое, каб абгрунтаваць прадуктыўнасць
і нават асаблівую прасунутасць такой мадэлі пратэсту. Дык вось на гэтае пытанне Эдвард Сноўдэн адказаў старамодна. «Я шукаў лідараў, але потым зразумеў, што
лідарам стане той, хто пачне дзейнічаць першым», — сказаў ён у інтэрв'ю Guardian.
Цяпер слова за грамадствам — і не толькі амерыканскім. Эдвард Сноўдэн спадзяецца атрымаць прытулак у любой краіне, якая будзе гатовая яго прыняць.