Індыя. Касты і прыбіральні
У Індыі прайшлі агульныя выбары, на якіх перамогу святкавала Індыйская народная партыя (BJP). А гэта азначае, што ў краіне працягнецца незвычайная рэформа, згаданая ў партыйнай выбарчай праграме.
Гаворка ідзе пра поўнае знішчэнне практыкі «адкрытай дэфекацыі». Да гэтага часу многія індусы ладзяць прыбіральні на вуліцы, што выклікае крытыку.
Каб скончыць з гэтай негатыўнай з’явай, дзяржава запусціла праграму з бюджэтам 1,3 мільярда долараў па абсталяванні кожнага дома каналізацыяй. Аднак пакуль яе вынікі не выклікаюць аптымізму. За папярэднія пяць гадоў каналізацыю ўдалося правесці ў 55 працэнтаў будынкаў.
Прычым, апынулася, што галоўная праблема — не фінансавая або тэхнічная. Справа ў тым, што многія прадстаўнікі арыстакратычных кастаў разглядаюць змыванне вады ва ўнітазе як занятак, несумяшчальны з іх статусам. Звычайна ўборкай адходаў жыццядзейнасці займаліся ў Індыі самыя нізкія касты так званых «недатыкальных».
Якім чынам будуць вырашаць у BJP праблему кастаў і прыбіральняў, пакуль не зразумела. У тым ліку таму, што нацыяналісты выступаюць у абарону індускай традыцыі, якая ўключае ў сябе і каставую сістэму.
Паводле брытанскай прэсы