Іракская авіякампанія не будзе аднаўляць палёты ў Беларусь. А Ірак пачынае вывозіць грамадзян
Авіякампанія «Iraqi Airways» з Ірака не будзе аднаўляць рэйсы ў Мінск. Пра гэта на брыфінгу 12 лістапада паведаміла прадстаўніца прэс-службы Еўракамісіі Дана Спінан.
«"Iraqi Airways" пацвердзіла, што не будуць аднаўляць палёты ў Мінск», — заявіла Спінан.
Між тым амбасада Ірака ў Расіі абʼявіла аб арганізацыі вывазу ахвочых вярнуцца дадому іракцаў з Беларусі.
«Для ўключэння ў спіс на эвакуацыю просьба звяртацца па тэлефоне консульства: +79652673377 (WhatsApp) або па электроннай пошце кансулата: cons@iqemb.ru», — гаворыцца ў паведамленні.
Спінан таксама дадала, што «Turkish Airlines» прыпыняць продаж квіткоў у Беларусь з Турцыі.
Раней паведамлялася, што авіякампанія «Turkish Airlines» не будзе прымаць на рэйсы да Мінска сірыйцаў, іракцаў і еменцаў.
Аналагічнае рашэнне прыняла і дубайская авіякампанія «Emirates», піша PAP.
А «Белавія» заявіла, што «ў адпаведнасці з рашэннем кампетэнтных органаў Турцыі, з 12.11.2021 грамадзяне Ірака, Сірыі, Емена не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія ідуць з Турцыі ў Беларусь».