Італія адкрывае межы для турыстаў з Еўрасаюза
З 3 чэрвеня грамадзяне краін-членаў ЕС, Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Швейцарыі могуць свабодна ўязджаць у Італію. Італьянцам таксама дазволілі бесперашкодна ездзіць у іншыя рэгіёны.
Італія працягвае аслабляць жорсткі лакдаун, які доўжыўся каля трох месяцаў, і адкрывае свае межы. З серады, 3 чэрвеня, у краіну дазволены ўезд грамадзянам астатніх 26 дзяржаў ЕС і яшчэ шэрагу краін, уключаючы Вялікабрытанію, Нарвегію і Швейцарыю. Пры гэтым турыстам не прыйдзецца выконваць двухтыднёвы каранцін з-за пагрозы новага каронавіруса.
Акрамя таго, самім італьянцам зноў дазволена бесперашкодна ездзіць у іншыя рэгіёны. Падчас каранціну дзейнічалі строгія абмежаванні на выезд за межы абласцей. Замежнікам было вырашана ўязджаць у Італію толькі па важных прычынах, у прыватнасці на працу.
Шэраг экспертаў выказвалі сумневы ў мэтазгоднасці зняцця абмежаванняў на перамяшчэнне, паколькі паказчыкі заражальнасці ў шэрагу рэгіёнаў Італіі застаюцца высокімі. Па афіцыйных дадзеных, у найбольш пацярпелай ад каронавіруса SARS-CoV-2 Ламбардыі да гэтага часу больш за 20 тысячаў актыўных выпадкаў заражэння.
Больш за 230 тысячаў афіцыйна пацверджаных выпадкаў каронавіруса
Ад наступстваў заражэння каронавірусам у Італіі з лютага памерлі больш за 33,5 тысячы чалавек. Агулам з пачатку эпідэміі ў краіне выяўлена каля 233 тысячы выпадкаў заражэння вірусам SARS-CoV-2, які выклікае пнеўманію COVID-19. Жорсткі лакдаун дзейнічаў у краіне з 10 сакавіка.
У траўні абмежаванні пачалі паступова аслабляць. З тых часоў улады Італіі неаднаразова выказвалі надзею на вяртанне замежных турыстаў. Турыстычная галіна Італіі, на якую прыпадае каля 15 працэнтаў ВУП, у выніку крызісу страціла мільярды еўра.
dw.com