Як мова зрывае мабілізацыю

У 1917-1918-м франкамоўную канадскую правінцыю Квебек ахапілі пратэсты супраць мабілізацыі. Падаўлялі іх з дапамогай войска. Адной з прычын бунту квебекцаў стала моўнае пытанне.

Графіці на сцяне аднаго з дамоў у Квебеку 

Графіці на сцяне аднаго з дамоў у Квебеку 


На пачатку Першай сусветнай вайны Канада была дамініёнам Вялікабрытаніі, таму ў вайну яна ўступіла на баку краін Антанты. У той час гэта была краіна з васьмімільённым насельніцтвам, велізарнымі тэрыторыямі, адміністрацыйна падзеленымі на адзінаццаць правінцый.
Акрамя адміністрацыйнага падзелу існаваў падзел моўны: прыкладна 75% канадцаў размаўлялі па-англійску, каля чвэрці — па-французску. Адрознівала дзве групы ў паўсядзённым жыцці і прыналежнасць да розных канфесій — пратэстантызму і каталіцтва.
З пачаткам вайны адкрылася цікавая акалічнасць. З аднаго боку — французскі канадзец, які лічыў Канаду сваёй радзімай і не меў моцных пачуццяў ні да Францыі, ні да Брытаніі (краін Антанты). З іншага боку — англаканадцы, якія дэманстравалі значна большую лаяльнасць да Імперыі. Сярод апошніх лепш успрымаліся шавіністычныя антынямецкія лозунгі. Нядзіўна, што ў 1914 годзе франкаканадцы складалі толькі 10 адсоткаў ад агульнай колькасці добраахвотнікаў, якія запісаліся на фронт.
Ужо тады франкаканадцы сутыкнуліся з вялікай праблемай. Замест таго каб утвараць асобныя франкамоўныя часткі, вайсковае кіраўніцтва размяшчала іх у розных атрадах, дзе пераважна размаўлялі па-англійску. Паколькі афіцэры былі англамоўнымі, франкамоўныя салдаты сталі ў казармах людзьмі другога гатунку. Гэта выклікала першыя праявы незадавальнення. Нават нарадзіўся праект: накіроўваць франкамоўных канадцаў у склад арміі Францыі.  
18 мая 1917 года прэм'ер-міністр Канады Роберт Бордэн аб'явіў аб пачатку прымусовай мабілізацыі на фронт. Паводле новага закона, усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад дваццаці да сарака пяці гадоў мусіла стаць жаўнерамі. Франкамоўная правінцыя Квебек адрэагавала вельмі негатыўна. Акрамя крытычных публікацый і антываенных заклікаў у касцёлах, прайшоў шэраг дэманстрацый і мітынгаў, на якіх спікеры патрабавалі стварэння франкамоўных падраздзяленняў.

Канадскі плакат з заклікам да франкаканадцаў уступаць у войска

Канадскі плакат з заклікам да франкаканадцаў уступаць у войска

Натуральна, праблема правоў франкамоўных жаўнераў хутка стала разглядацца ў больш шырокім кантэксце. Франкаканадскае насельніцтва ў той час знаходзілася ўнізе сацыяльнай піраміды, паколькі ўсе больш-менш значныя пасады былі захоплены англамоўнымі, якія рабілі ўсё магчымае для асіміляцыі франкафонаў.
Шматлікія праявы расізму і дыскрымінацыі, асабліва моўнай, былі звычайнымі з'явамі. У пачатку XX стагоддзя пачалі ўводзіцца меры па забароне ўжывання французскай мовы ў адукацыйных установах краіны.
Хутка пратэст радыкалізаваўся. На мітынгах адкрытым тэкстам заклікалі страляць па афіцэрах арміі, якія прыходзяць у хату, каб паведаміць аб мабілізацыі члена сям'і. Не абышлося без тэрактаў. Так, у доме рэдактара газеты «Montreal Star», якая агітавала за мабілізацыю, выбухнула бомба. З часам у Манрэалі і ва ўсім Квебеку на вуліцах пачалі забіваць паліцэйскіх.

Дэманстрацыя ў Манрэалі ў маі 1917 года супраць набору ў войска.

Дэманстрацыя ў Манрэалі ў маі 1917 года супраць набору ў войска.

Уладам было цяжка лакалізаваць выступленні, паколькі яны, як правіла, мелі цалкам стыхійны характар. У асноўным іх удзельнікамі былі юнакі, якіх чакала мабілізацыя. Рэвальверы і стрэльбы на той час былі ў вольным доступе і прадаваліся ў большасці крам у буйных гарадах.  
Самае вялікае выступленне супраць мабілізацыі адбылося ў Квебеку 28 сакавіка —1 красавіка 1918 года падчас Вялікадня. Беспарадкі пачаліся ў чацвер, калі паліцыя затрымала франкаканадскага мужчыну, які не прадставіў дакументаў аб вызваленні ад вайсковай павіннасці. У адказ раз'юшаны натоўп амаль з 200 чалавек атакаваў паліцэйскі ўчастак акругі, дзе ўтрымліваўся мужчына. Затым бунтаўшчыкі разграмілі бюро рэгістрацыі прызыўнікоў, а таксама рэдакцыі дзвюх газет, якія выступалі ў падтрымку мабілізацыі.
Эскалацыя гвалту разам з чуткамі аб магчымым паўстанні прымусіла мэра Квебека тэрмінова звязацца са сталіцай (Атавай) і прасіць падтрымку. Занепакоены навінамі ўрад прэм’ера Бордэна ўвёў у рэгіёне прамое федэральнае кіраванне. У горад за выхадныя было перакінута каля 4000 жаўнераў.
Апошні і самы крывавы канфлікт адбыўся ў велікодны панядзелак, калі ў горад ужо былі ўведзены войскі. Салдатам было загадана адкрыць агонь па натоўпе на вуліцах. Фактычная колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва да гэтага часу невядомая. Лічыцца, што загінула больш за 150 цывільных. Каля 30 жаўнераў былі паранены падчас спроб арганізаваць супраціў.

Супрацьстаянне на вуліцы Квебека: грамадзянскія супраць салдат.

Супрацьстаянне на вуліцы Квебека: грамадзянскія супраць салдат.

Пасля крывавых падзей на Вялікдзень сітуацыя паступова нармалізавалася. Да канца Першай сусветнай вайны незадаволенасць франкаканадцаў заклікамі на ваенную службу, здавалася, знікла. Аднак гісторыкі дапускаюць, што з-за моцных рэпрэсій рух набыў новыя формы. У гэты час у Квебеку была зафіксавана амаль сотня забастовак.
Прызыўны крызіс 1917-1918 гадоў меў доўгатэрміновыя наступствы. Калі пачалася Другая сусветная, канадскія палітыкі баяліся паўтарэння тых падзей. У выніку тагачасны прэм'ер-міністр Канады Макензі Кінг паабяцаў не ўводзіць прызыў на ваенную службу. Праз два гады пад ціскам Лондана і Вашынгтона ўрад аб'явіў рэферэндум па гэтым пытанні. Мабілізацыю падтрымала пераважная частка англаканадцаў. У той жа час французскія канадцы калектыўна выступілі супраць мабілізацыі. Канчаткова воінская павіннасць была ўведзена ў канцы 1944 года, але вельмі абмежаваная. У выніку на фронт дабраліся толькі 2463 канадскія салдаты.
Нерашучыя паводзіны ўрада ў дачыненні да мабілізацыі ўспрымаліся франкамоўнымі канадцамі як перамога. Гэта стала пралогам славутай «ціхай рэвалюцыі» (інтэнсіўныя сацыяльна-палітычныя і сацыякультурныя змены ў Квебеку ў 1960-70-я), якая цалкам зрабіла роўнымі ў правах англа- і франкаканадцаў.
Фота: warspot.ru