Як у Еўропе павышаюць нараджальнасць. Прыклады Польшчы, Венгрыі і Германіі

Лідэры краін Цэнтральнай Еўропы і Балканаў, устрывожаныя дэмаграфічным спадам, робяць захады, каб спыніць зніжэнне нараджальнасці, паведамляе Радыё Свабода.

family.jpg

Некаторыя з гэтых захадаў апелююць да патрыятызму і сямейных каштоўнасцяў у спалучэнні з падатковымі льготамі і ўзнагародамі для пар, у якіх нараджаюцца дзеці.
Афіцыйныя асобы тлумачаць, што калі яны ня змогуць прадухіліць дэмаграфічны крызіс і павысіць нараджальнасць, то ўрады ня змогуць пакрыць выдаткі на пенсіі і медыцынскае абслугоўванне старэйшага пакалення.

Венгрыя

family_2.jpg


У Венгрыі, дзе каэфіцыент нараджальнасці знізіўся да 1,49 (узровень, неабходны для падтрымання ўзроўню насельніцтва, складае 2,1), прэм’ер-міністр Віктар Орбан прапанаваў дапамогу ў будаўніцтве жылля і скарачэнне іпатэчнага крэдыту, каб стымуляваць нараджальнасць.
Маці пажыццёва вызваляюцца ад падаходнага падатку, калі яны выхоўваюць чатырох ці больш дзяцей. Жанчыны, якія ўступаюць у шлюб ва ўзросце да 40 гадоў, могуць атрымаць дзяржаўную пазыку ў памеры 36 000 даляраў з поўным спісаннем доўгу пасля нараджэння трэцяга дзіцяці.
У мінулым месяцы лідэр Венгрыі абвясціў аб падпарадкаванні дзяржаве шасці клінік, дзе лечаць бясплоднасць, якія прапануюць бясплатнае лячэнне, або ЭКА.
Абвясціўшы пра бясплатнае ЭКА, якое пачалося з 1 лютага, Орбан сказаў, што фертыльнасць мае для краіны стратэгічнае значэнне.
«Калі мы хочам венгерскіх дзяцей, а не імігрантаў, і таго, каб венгерская эканоміка магла даць неабходнае фінансаванне, то адзінае рашэнне — выдаткаваць як мага больш сродкаў на падтрымку сям’і і выхаванне дзяцей», — сказаў Орбан на канферэнцыі, якая адбылася ў студзені ў Будапэшце.

Польшча

family_3.jpg


Урад Польшчы штомесяц выплачвае семʼям 500 злотых (каля 125 даляраў) на кожнае дзіця пасля першага. Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» увяла дапамогу пасля перамогі на выбарах у 2015 годзе, уключыўшы палажэнне аб iм у сваю праграму Сям’я 500+, якая стала мадэллю для суседніх краін, дзе таксама спрабуюць спыніць зніжэнне нараджальнасці.

Германія

family_4.jpg


Германія імкнецца павысіць нараджальнасць з дапамогай ільгот для маладых бацькоў, прычым пары атрымліваюць шчодрую дапамогу на працягу двух гадоў пасля нараджэння дзіцяці, калі абое працуюць няпоўны працоўны дзень.
У краіне адзначылі рост нараджальнасці, але доля людзей, старэйшых за 65 гадоў, як чакаецца, вырасце к 2035 году да 27,3 адсотка (у 2017-м гэты паказчык складаў 21,6 %).
Аднак урад Ангелы Меркель лічыць, што міграцыя мае вырашальнае значэнне для спынення дэмаграфічнага спаду працоўнай сілы, і змякчае правілы для прадпрыемстваў, якія шукаюць кваліфікаваных маладых работнікаў за межамі Еўропы.

Чаканні

Венгерскі ўрад прагназуе, што захады для заахвочвання нараджальнасці прывядуць да нараджэння 4000 чалавек дадаткова. А паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, колькасць родаў вырасла на 13 % з моманту ўвядзення ў дзеянне захадаў стымулявання нараджальнасці.

А ў Беларусі?

Паводле папярэдніх звестак Белстату, у 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 851 дзіця, што на 6,6% менш, чым у папярэднім годзе. Паводле даследавання ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі, якое праводзілася летась, толькі 36% жанчын фертыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць дзіця, 50% аддалі перавагу таму, каб ня мець наагул дзяцей ці ня мець больш дзяцей.
Летась кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ніводная краіна ў свеце не падтрымлівае сем’і з дзецьмі так, як мы». Ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць «да 11 розных выплатаў» сем’ям з дзецьмі.
Істотнымі захадамі, якія працуюць, Лукашэнка назваў аплочаны водпуск для догляду дзяцей да трох гадоў, ільготнае крэдытаванне шматдзетных сем’яў і праграму сямейнага капіталу. Але ён адзначыў, што чуе пра недапрацоўкі ў забеспячэнні шматдзетных жытлом, і даручыў вырашыць гэтае пытанне да 2021 году.
Кіраўнік Беларусі даручыў распрацаваць «дзейсныя захады» для павелічэння нараджальнасці, «удзяліць увагу фармаванню ў грамадстве пазітыўнага і паважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў».