Якім будзе 2020-ы? Прагнозы карыкатурыстаў
Напярэдадні Новага года прынята рабіць прадказанні. Мы сабралі дасье прагнозаў на надыходзячы год, якія зрабілі карыкатурысты свету.

Многія мастакі ў сваіх малюнках паспрабавалі прадказаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — галоўнай падзеі 2020-га. Вядома, меркаванні на гэты конт дыяметральна розныя. На думку мастака рэсурсу Daryl Cagle, у 2020-м цяперашні гаспадар Белага дома атрымае перамогу і ўсе наступныя чатыры гады (тэрмін прэзідэнцкай кадэнцыі ў Штатах) пройдуць пад знакам Трампа.

Але хапае і тых, хто думае і малюе інакш. Так, кубінскі карыкатурыст Osval у сваім малюнку спадзяецца, што новы год прымусіць Трампа заткнуцца з намёкам на яго палітычны скон.

Што будзе адбывацца ў свеце пакуль амерыканскія палітыкі высвятляюць адносіны? Свой варыянт адказу, на жаль, песімістычны, прапанаваў аўстрыйскі мастак Марыян Камінскі. Ён чакае, што аўтарытарныя палітыкі на час кампаніі ў ЗША будуць адчуваць сябе бескантрольнымі і вытвараць усё, што заўгодна.

Тыя, хто ў 20-м хоча ўнікнуць палітычных разборак, могуць пераключыць увагу на Алімпіяду ў Токіа, якая пройдзе з 24 ліпеня па 9 жніўня. Зрэшты, адзін з галоўных вынікаў спаборніцтваў вядомы ўжо цяпер. Гаворка пра адхіленне зборнай Расіі ад выступаў з-за допінгу. Мастак арабскага выдання The-Khaleej-Times прапануе выдаць спартоваму кіраўніцтву Расіі ўзнагароду ў выглядзе прыза з надпісам «Забарона».

Нарэшце, дададуць усім нам адрэналіну ў наступным годзе і эканамічныя навіны. Прыкладна з восені чакаецца сусветная рэцэсія, якая ў дадатак будзе мець зацяжны характар. Каментуючы яе набліжэнне мастак брытанскага выдання Metro адлюстраваў чатырох вершнікаў Апакаліпсісу ў выглядзе Трампа і кіраўнікоў вядучых сусветных банкаўскіх інстытутаў.

Але, нягледзячы на мінорны характар большасці прагнозаў, уступаць у Новы год усе збіраюцца з надзеяй на лепшае. Добрага настрою шмат каму дадае і ўдалая эмблема новага года. Мастакі вельмі часта малююць лічбу 2020 арыгінальна выяўляючы хвост мышы — астралагічнага сімвала будучага года. Як прыклад, малюнак нямецкага карыкатурыста Кронца. Выглядае сапраўды забаўна.
З Новым годам!