Яўген Царкоў

Дэпутат-камуніст Вярхоўнай Рады Украіны з’яўляецца аўтарам закона аб прапагандзе гомасэксуалізму, які быў на днях прыняты на ўра.



o_00000945_a_00000246.jpg

Закон выклікаў палітычную буру, паколькі дае падставы казаць, што дзейнасць парламента мае выключна папулісцкі характар. Як высветлілася пасля галасавання, у тэксце закону няма ні слова пра інфармацыйную абарону дзяцей (дзеля якіх закон, быццам, і прымаўся), як няма і абавязковых дэфініцый такіх паняццяў, як «гомасэксуалізм» і «прапаганда гомасэксуалізму». Затое выразна і цвёрда вызначаны меры пакарання — ад шматтысячных штрафаў да пяцігадовага турэмнага зняволення, пад якія, па словах праваабаронцаў, можна падвесці нават тых, хто прадае дыскі з запісамі Элтана Джона або Фрэдзі Меркуры. Нарэшце, закон настолькі сапсаваў імідж Украіны, што яго раскрытыкаваў нават МЗС, які, быццам, прадстаўляе інтарэсы дэпутацкай большасці. «Нашы народныя выбраннікі, гуляючы з пэўнымі настроямі часткі грамадства, павінны разумець, што яны тым самым гэта грамадства проста падстаўляюць. Падабаецца нам гэта ці не, але гамафобія і еўраінтэграцыя несумяшчальныя», — адзначыў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын. Эксперты ў Кіеве не выключаюць, што дэпутатам давядзецца прагаласаваць за адмену свайго ж рашэння, як гэта было з нядаўнім законам пра паклёпы. Між тым, Царкоў ужо пераключыўся на барацьбу за аднаўленне ў цэнтры Адэсы дэмантаванага ў 1990-я гады помніка Леніну.