Кантактная група па Украіне дамовілася аб адводзе ўзбраенне калібрам менш за 100 мм
Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе падпісала пагадненне аб адводзе ўзбраення калібрам менш за 100 мм.
Пра гэта паведаміла Дар'я Оліфер —прэс-сакратар былога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, які прадстаўляе Украіну на перамовах.
Паводле яе слоў, пад
дакументам стаяць подпісы спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка, Леаніда Кучмы і спецпрадстаўніка РФ Азамата Кульмухаметава.
"Такім чынам, ўвасоблена ў жыццё ініцыятыва прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, якую ён агучыў у працяг Мінскіх дамоўленасцей ад 5 верасня 2014 года і 12 лютага 2015 г.", — патлумачыла Оліфер.
"Трохбаковая кантактная група чакае, што гэты дакумент падпішуць Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі", — напісала Оліфер.
"Украіна таксама патрабуе ад асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей неадкладнага і няўхільнага выканання гэтых пагадненняў як неад'емнай часткі Мінскіх пагадненняў", — дадала прэс-сакратар Кучмы.
Старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч вітаў пагадненне аб адводзе з лініі судакранання на Данбасе зброі калібрам менш за 100 мм.
"Пагадненне з'яўляецца добрай прыкметай волі ўсіх працягваць мірны працэс, які з'яўляецца адзіным шляхам да мэты, якую, як я лічу, мы ўсе падзяляем — вяртанне да міру", — заявіў Дачыч.