Каталонія запланавала рэферэндум аб незалежнасці на 9 лістапада
У Каталоніі ў бліжэйшы час будзе аб’яўлены рэферэндум аб незалежнасці. Пра гэта заявіў прэзідэнт Жэнералітата (урада) Каталоніі Артур Мас. Рэферэндум павінен адбыцца 9 лістапада.
Мас заклікаў іспанскі ўрад «не выкарыстоўваць Канстытуцыю, каб прымусіць замаўчаць каталонцаў».
Ён таксама параіў прэм’ер-міністру Іспаніі Марыяну Рахой рушыць услед прыкладу Вялікабрытаніі. «Старая еўрапейская нацыя прагаласавала на гэтым тыдні, і краіна ЕС дазволіла ёй гэта зрабіць», — адзначыў Мас.
Паводле яго слоў, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран падаў прыклад, якому «Мадрыд мае павучыцца».
Як паведамлялася, 19 верасня парламент Каталоніі прыняў закон аб рэферэндумах, які дазволіць правесці рэферэндум аб незалежнасці 9 лістапада.
Нагадаем, у красавіку гэтага года іспанскі парламент адхіліў прапанову рэгіянальнай асамблеі Каталоніі правесці ў лістападзе рэферэндум аб незалежнасці аўтаномнай вобласці. Раней Канстытуцыйны суд Іспаніі пастанавіў, што запланаваны на 9 лістапада рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна супярэчыць Асноўнаму закону краіны.