Казахстан. Назарбаеў — гэта Джордж Вашынгтон сёння

У Астане прайшоў міжнародны форум «Назарбаеўскія чытанні», удзельнікі якіх спрабавалі ацаніць значнасць постаці прэзідэнта Казахстана для сусветнай гісторыі.

На думку абсалютна ўсіх, Назарбаеў — сапраўдная глыба. «У сучасным свеце прэзідэнту Казахстана няма альтэрнатывы, у плане досведу, мудрасці, волі. Таму яго за мяжой завуць палітыкам глабальнага ўзроўню», — заявіў Касым-Жамарт Такаеў, былы міністр замежных спраў Казахстана, цяпер намеснік генеральнага сакратара ААН. Дзяржсакратар Казахстана Мухтар Кул-Мухамед параўнаў Назарбаева з бацькамі-заснавальнікамі ЗША — Джорджам Вашынгтонам, Томасам Джэферсанам, Джэймсам Мэдысанам. Міністр адукацыі і навукі Казахстана Бакытжан Жумагулаў заявіў на форуме, што «Назарбаеўскія чытанні» «трэба ўспрымаць як складовую частку навуковага асэнсавання чалавецтвам шляхоў развіцця сваёй цывілізацыі». У такім жа тоне былі вытрыманыя і выступы іншых дакладчыкаў. Змест падобных прамоў вельмі кантрастуе з ацэнкамі  спадчыны Назарбаева, якія даюць удзельнікі казахскіх інтэрнэт-форумаў. Нейкі блогер піша: «Усё, як у мультфільме пра дзяўчынку і зайчыка: «Хто пахваліць мяне лепш за ўсіх, той атрымае вялікую салодкую цукерку!» Лепш за ўсіх — былы прэм’ер-міністр. Толькі што ён атрымае пасля смерці Нурсултана?»
Паводле казахскай прэсы